Уладзімер Някляеў

Паэт-песеньнік, празаік, эсэіст. Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 году ў горадзе Смаргонь Гарадзенскай вобласьці. Бацька — Някляеў Пракоп Мікалаевіч, рускі, — Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пражыў дзіцячыя гады ў Крэве — знакавым месцы беларускай гісторыі.

Вучыўся ў Менскім электратэхнікуме сувязі (1962-1966 гг.), на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту (1971, г. Масква), скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту (1973 г.).

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў з газэтай “Знамя юности”, рэдагаваў бюлетэнь “Тэатральны Менск”, быў старэйшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграмаў Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопісу “Крыніца”, штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. З 1998 па 2001 гг. — старшыня “Саюзу беларускіх пісьменьнікаў”.

У 1999 выехаў у Польшчу. На прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве (20.07.1999 г.) выступіў з заявай супраць палітыкі беларускіх уладаў.

17 лютага 2011 г. агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць яго на Нобэлеўскую прэмію.

Храналёгія перасьледу

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”, якой улады пазьней адмовілі ў рэгістрацыі. Адзін з лідэраў прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году.

Увечары 19 сьнежня 2010 г.  быў зьбіты да непрытомнага стану ў цэнтры Менску па шляху на мірную акцыю пратэсту. З чэрапна-мазгавой траўмай патрапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў (проста з-пад кропельніцы і ў мароз бяз вопраткі). Гэтае гвалтоўнае затрыманьне было жорсткім: ён ня мог хадзіць пасьля траўмы, таму яго на коўдры выцягнулі з будынку да машыны. Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны па артыкуле “Масавыя беспарадкі”. З моманту зьбіцьця 19 сьнежня 2010 г. да свайго пераводу пад хатні арышт 29 студзеня 2011 г. перанёс чатыры гіпертанічныя крызы, пры гэтым ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачваньне было перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць гарамадзкі парадак, ці ўдзел у іх).

20 траўня 2011 г. ў судзе Фрунзенскага раёну Менску асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

23 ліпеня 2013 г. рашэньнем суду Ленінскага раёну Менску вызвалены ад далейшага адбыцьця пакараньня. Суд адбыўся без удзелу ў ім і Някляева, і ягонага адваката, якіх запрасілі на дадзены працэс на 2 дні пазьней, 25 ліпеня.