Уладзімер Яроменак

Нарадзіўся ў горадзе Мёры 4 верасьня 1990 г. Пасьля сканчэньня сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. На момант арышту быў студэнтам 2-га курсу. Сябра “Маладога Фронту” і аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” (БХД).

Храналёгія перасьледу

Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спэцслужбаў на наступны дзень, 20 сьнежня 2010 г., пасьля пікету салідарнасьці з палітзьняволенымі насупраць Дому ўраду. За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскім СІЗА. Пасьля выхаду адтуль быў выкліканы ў якасьці сьведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-суткавым арыштам на Акрэсьціна. 28 студзеня 2011 г. арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.

Прад’яўлена абвінавачваньне па частках 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 14 траўня 2011 г. судом Партызанскага раёну Менску асуджаны на 3 гады зьняволеньня (судзьдзя – Натальля Чацьвярткова, пракурор — Антон Загароўскі). Адбываў пакараньне ў калёніі “Віцьба” пад Віцебскам.

11 жніўня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.

20 жніўня 2013 г. прызнаны судом Першамайскага раёну Менска вінаватым у парушэньні ўмоваў міліцэйскага прэвентыўнага нагляду (артыкул 421 Крымінальнага кодэксу РБ). Асуджаны на 3 месяцы арышту. Прысуд вынес суддзя Леанід Ярмоленкаў.

Быў узяты пад варту 11 сьнежня 2013 года, адбывае пакараньне ў арыштным доме г. Баранавічы. 11 сакавіка вызвалены па адбыцьці пакараньня. Прэвентыўны нагляд быў спынены.