Славамір Адамовіч

Славамір Адамовіч — легендарны беларускі паэт і грамадзскі дзяяч, аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў. У сярэдзіне 1990-х — лідэр арганізацыі “Правы рэванш”, якая аб’ядноўвала ў асноўным творчых людзей, прыхільнікаў беларускай гісторыі і эпатажнага сучаснага беларускага мастацтва. Рэальнай палітычнай сілай арганізацыя ня стала і пазьней самаліквідавалася.

Нарадзіўся 8 сакавіка 1962 году на станцыі Унежма Анежскага раёну Архангельскай вобласьці. Пазьней сям’я пераехала на радзіму продкаў у Беларусь. Скончыў Сьвірскую СПТВ № 17. Працаваў у Казахстане, у саўгасе “Будслаўскі”, на Беларускай чыгунцы, на станкабудаўнічым заводзе імя Kiрава ў Менску.

У 1992 г. скончыў філялягічны факультэт БДУ. З 1991 па 1995 гады працаваў у “Настаўніцкай газэце”. Быў адным з аўтараў газэты “Наша Ніва”.

Храналёгія перасьледу

У лістападзе 1995 г. Славамір Адамовіч напісаў верш “Убей президента!”, за што быў арыштаваны 6 красавіка 1996 г. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Яго абвінавачвалі ў закліках да звяржэньня або зьмены дзяржаўнага ладу, незаконным перасячэньні мяжы і незаконным нашэньні халоднай зброі.

Праз дзесяць месяцаў зьняволеньня — 7 лютага 1997 г. — адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе. Пакаранне, да якога прыгаварыў Славаміра суд, фактычна абмяжоўвалася тым тэрмінам, які ён ужо адбыў у зьняволенні.

У жніўні 1997 г. на адным зь мітынгаў публічна “зашыў” сабе рот на знак пратэсту супраць парушэньня свабоды слова ў Беларусі.

Некалькі разоў затрымліваўся падчас масавых акцыяў апазыцыі. Напрыклад, у 2000 г. на Дзень Волі яго гвалтоўна затрымалі ў ліку дзясяткаў журналістаў у цэнтры Менску, і некалькі гадзінаў Славамір правёў разам зь імі ў ангары вайсковай часткі па вуліцы Маякоўскага.

У 2000 г. Славамір Адамовіч знаходзіўся ў ЗША, працаваў на будоўлях Нью-Ёрку. У верасьні 2002 г. паехаў працаваць у Нарвэгію, дзе папрасіў палітычны прытулак. Пасьля атрымання прытулка некалькі гадоў жыў і працаваў у Нарвегіі. У 2009 г. вярнуўся ў Беларусь і пасяліўся ў г. Мар’іна Горка (Менская вобласьць).