Сяргей Вазьняк

Журналіст, грамадзкі і палітычны дзеяч. Сябра праўленьня БАЖ. Сябра Бюро ЦК Беларускай партыі левых “Справядлівы Сьвет”.

Нарадзіўся 14 красавіка 1962 году ў горадзе Карастышаў Жытомірскай вобласьці (Украіна). Пасьля школы скончыў Сьвярдлоўскую вышэйшую вайскова-палітычную танкава-артылерыйскую вучыльню імя Л. Брэжнева (у 1984 г.). Афіцэр-палітработнік танкавых войскаў, цывільная спэцыяльнасьць — настаўнік гісторыі і грамадазнаўства.

У 1980-1991 гадах служыў ва Ўзброеных Сілах СССР (Уральская вайсковая акруга, Група савецкіх войскаў у Нямеччыне, Беларуская вайсковая акруга) на пасадах: намесьнік камандзіра аўтамабільнай роты па палітычнай частцы, сакратар камітэту камсамолу асобнага ракетнага дывізыёну, памочнік начальніка палітаддзелу асобнага танкавага палку па камсамольскай рабоце, старшы інструктар аддзяленьня камсамольскай работы палітаддзелу танкавай арміі, старшы інструктар аддзелу камсамольскай работы палітупраўленьня вайсковай акругі. Службу скончыў у званьні маёра.

З 1992 году займаецца журналістыкай. Працаваў карэспандэнтам, начальнікам аддзелу вайсковай газэты “Во славу Родины” (1992-1993 гг.), кіраўніком прэс-службы Народнага руху Беларусі (1993 г.), карэспандэнтам, намесьнікам галоўнага рэдактара газэты “Мы и время” (1994-1995 гг.). Галоўны рэдактар газэты “Товарищ” (з 1996 г.).

Член КПСС (з 1982 г.), Партыі камуністаў Беларускай (з 1992 г.). Быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ (1992-1997 гг.). Сябра ЦК ПКБ (з 1993 г.). Цяпер яна мае назву “Справядлівы Сьвет”.

Звольніўся з войска, калі была абвешчаная яго дэпалітызацыя, каб не пакідаць партыйныя шэрагі. Быў у ліку 14 дэлегатаў ХХІІ (надзвычайнага) зьезду ВЛКСМ, якія прагаласавалі супраць самаліквідацыі Камсамолу (1991 г.), хоць яшчэ знаходзіўся на вайсковай службе. Стварыў і ўзначаліў аргкамітэт “За адраджэньне ЛКСМБ”, які ў лютым 1992 правёў у лесе пад Пінскам аднаўленчы зьезд беларускага камсамолу. Быў у ліку тых, хто актыўна займаўся стварэньнем Партыі камуністаў Беларускай.

Храналёгія перасьледу

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. працаваў у штабе кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня яму прад’яўленае абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга рассьледаваньня ГУУС Менгарвыканкаму па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх).

З 29 сьнежня 2010 г. мера стрыманьня зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачваньне было перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх).

20 траўня 2011 г. судом Фрунзенскага раёну Менску асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна. 

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ігар Аліневіч
  • Валеры Леванеўскі
  • Натальля Радзіна
  • Славамір Адамовіч
  • Алег Гнедчык