Сяргей Ляшкевіч

Ляшкевіч СяргейСяргей Ляшкевіч нарадзіўся 13 верасьня 1978 г. у Лідзе. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны аграрны ўнівэрсытэт. З 1997 г. — сябра Беларускага Народнага Фронту.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 г. быў кіраўніком ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча ў Шчучыне. Скончыў магістратуру ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце па спэцыяльнасьці “паліталёгія”.

Храналёгія перасьледу

2 сакавіка ў Шчучыне адбыліся ператрусы ў кватэрах мясцовых актывістаў Васіля Бязьмена і Сяргея Ляшкевіча. У абодвух пасьля вобшуку былі забраныя кампутарныя носьбіты інфармацыі, а таксама некаторыя друкаваныя выданьні, паперы з асабістага архіву.

14 сакавіка 2006 г. за 5 дзён да прэзыдэнцкіх выбараў Сяргей Ляшкевіч быў арыштаваны і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — у падрыхтоўцы аднаго са шчучынскіх юнакоў да ўдзелу ў масавых беспарадках у Менску ў дзень выбараў. Утрымліваўся ў Шчучынскім сьледчым ізалятары.

Падчас судовага працэсу паказаньні супраць С. Ляшкевіча давалі раней нікому не вядомыя грамадзяне (сярод іх — тройчы судзімы Аляксандар Бурдзей, які знаходзіўся пад вартай за крадзеж маёмасьці. Паводле іх паказаньняў, Ляшкевіч нібыта дэманстраваў фільмы, у якіх паказвалася, як дэманстранты супрацьдзейнічаюць міліцыі падчас масавых мерапрыемстваў. Галоўны сьведка абвінавачваньня адзначаў, што такім чынам актывіст рыхтаваў яго да ўдзелу ў пасьлявыбарчых дэманстрацыях (гэта былі кадры з дакументальнага фільму Ю. Хашчавацкага “Звычайны прэзыдэнт”).

Шчучынскі раённы суд палічыў віну Сяргея Ляшкевіча даказанай, паклаўшы ў асновы прысуду гэтыя цьмяныя і сумнеўныя доказы, і 29 траўня асудзіў 28-гадовага актывіста на 5 месяцаў пазбаўленьня волі.

27 ліпеня 2006 г. Сяргей Ляшкевіч быў вызвалены з Глыбоцкай турмы ў сувязі з адбыцьцём тэрміну пакараньня.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Гапонаў
  • Уладзімер Лыско
  • Яўген Васьковіч
  • Алег Корбан
  • Міхась Субач