Сяргей Башарымаў

Сяргей Башарымаў нарадзіўся 13 жніўня 1984 г. Жыхар Менску. Працаваў у агентцтве нерухомасьці, займаўся пасутачнай арэндай кватэр.  Скончыў Беларускі інстытут правазнаўства. Захапляецца спортам. Палітыкай ніколі не займаўся.

Храналёгія перасьледу

Арыштаваны і зьмешчаны ў СІЗА КДБ у Менску за тое, што ўвесну 2012 г. здаваў кватэру грамадзянам Швэцыі, адзін з якіх пазьней, ужо ў ліпені, дапамагаў сваім суайчыньнікам скінуць з самалёту над Беларусьсю цацкі з заклікамі да свабоды слова.

Напярэдадні свайго другога прыезду ў Беларусь швэды дамовіліся з Сяргеем аб арэндзе кватэры, але неўзабаве перадумалі, пра што папярэдзілі яго смс-паведамленьнем. Пра акцыю з “мядзьвежым дэсантам”, па словах яе арганізатараў, ня ведаў і ня мог ведаць ніводзін жыхар Беларусі — у тым ліку і рыэлтар Башарымаў.

Сяргей быў затрыманы ў другой палове дня 6 ліпеня 2012 г. Праз 10 дзён яму было прад’яўленае абвінавачаньне ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.

Пра ўсё гэта стала вядома са словаў дзяўчыны Сяргея — Ірыны Лагойкі — толькі пасьля 10 дзён ягонага арышту.

8 жніўня 2012 году пра арышт і абвінавачваньне рыэлтара Сяргея Башарымава афіцыйна паведаміў КДБ.

17 жніўня Сяргей Башарымаў, як і іншы абвінавачаны па дадзенай крымінальнай справе Антон Сурапін, быў вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

28 чэрвеня 2013 г. крымінальная справа аб “плюшавым дэсанце” зачыненая.