Павал Вінаградаў

Нарадзіўся 24 красавіка 1988 году ў Менску. Выхоўваўся бабуляю. Скончыў прафэсыйна-тэхнічны ліцэй № 4 па спэцыяльнасьці “цырульнік”, а таксама музычную школу па клясе фартэп’яна. З 18 гадоў Павал жыве самастойна. Некаторы час ён вучыўся на гісторыка-геаграфічным факультэце Менскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

Некалькі гадоў быў актывістам кампаніі “Эўрапейская Беларусь”. У зьвязку з гэтым за сваю палітычную дзейнасьць затрымліваўся міліцыяй. Першае затрыманьне адбылося ў 2007 г. на акцыі супраць адмены сацыяльных ільготаў: Павал патрапіў у пастарунак, калі адбіў ад міліцыянтаў сваю дзяўчыну Сьвятлану. Тады яго асудзілі на 5 сутак арышту.

У 2008 г. зьяўляўся фігурантам так званай “справы 14-ці” па арт. 342 КК,  заведзенай за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 г. За гэта быў асуджаны на 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы. Праз год амніставаны. Працаваў у той час сьлесарам.

З лета 2010 г. – актывіст кампаніі “Гавары праўду!”, браў удзел у многіх яе акцыях. На выбарах-2010 быў адным з самых актыўных сяброў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева.

Храналёгія перасьледу

Арыштаваны ў ноч на 5 студзеня 2011 г. Пасьля арышту ў адсутнасьць Паўла ў яго дома да 5-й гадзіны раніцы праходзіў ператрус. Прад’яўлена абвінавачаньне па чч. 1 і 2 арт. 293 КК РБ (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). Утрымліваўся пад вартай ў СІЗА № 1 Менску.

5 траўня 2011 г. Павал асуджаны на 4 гады зьняволеньня. Для адбываньня гэтага тэрміну яго перавялі ў калёнію г. Івацэвічы, вядомую пад назвай “Воўчыя норы”. 22 ліпеня 2011 г. перабываючы ў калёніі, малады чалавек ажаніўся з сваёй нявестай Сьвятланай.

14 верасьня 2011 г. вызвалены паводле ўказу аб памілаваньні, падпісанага дзеючым кіраўніком дзяржавы.

Працягвае палітычную дзейнасьць. 30 сьнежня 2011 г. быў затрыманы нібыта за дробнае хуліганства ў міліцэйскім пастарунку, куды яго запрасілі на “прафілактычную гутарку”. Таму Павал сустрэў Новы 2012 год пад адміністратыўным арыштам у 7 сутак (цікава, аднак, што гэты прысуд яму афіцыйна вынесены толькі ў Новым годзе — 2 студзеня). У ізалятары актывіст трымаў галадоўку пратэсту супраць незаконнага затрыманьня і зьняволеньня.