Натальля Радзіна

Журналістка і рэдактарка апазыцыйнага сайту charter97.org. Нарадзілася 3 траўня 1979 году ў г. Кобрыне (Берасьцейская вобласьць) ў сям’і вайскоўца. У журналістыцы з 1997 году. Скончыла журфак БДУ паралельна з працай у незалежных СМІ. Працавала ў газэтах “Имя”, “Народная воля”, “Навіны”, “Наша Свабода”. Неаднаразова падвяргалася арыштам і зьбіцьцю ў часе асьвятленьня акцый апазыцыі. 16 сакавіка 2010 году падчас ператрусу ў офісе сайта charter97.org атрымала ўдар у твар ад супрацоўнікаў сілавых структураў у цывільным. У 2010 годзе намінаваная вядучай брытанскай праваабарончай арганізацыяй “Індэкс цэнзуры” на прэмію “Свабода слова” ў намінацыі “За барацьбу супраць рэпрэсіяў і за дзейнасьць, накіраваную на зьмяненьне палітычнага клімату”.

Храналёгія перасьледу

Падчас сілавога разгону Плошчы-2010 Натальлі разьбілі галаву. У ноч з 19 на 20 сьнежня 2010 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і акцыі пратэсту ў цэнтры Менску, была затрымана ў рэдакцыі сайту charter97.org і зьмешчаная пад варту ў СІЗА КДБ. Пры канцы сьнежня 2010 г. ёй прад’яўленае абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай сьледчым упраўленьнем папярэдняга рассьледаваньня ГУУС Менгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

28 сьнежня мера стрыманьня змененая на падпіску аб нявыезьдзе, пасьля гэтага Натальля жыла ў бацькоўскім доме ў г. Кобрыне. 1 красавіка 2011 г. яна таемна зьехала з Беларусі. У верасьні 2011 г. атрымала палітычны прытулак у Літве.  Незадоўга да гэтага крымінальная справа супраць яе па артыкуле “масавыя беспарадкі” была спыненая, але, на думку экспэртаў, артыкул абвінавачаньня Натальлі маглі перафармуляваць на іншы ў выпадку яе вяртаньня і працягу працы ў якасьці журналіста.

У кастрычніку 2011 г. Натальля Радзіна стала ляўрэатам прэміі Міжнароднага камітэту абароны журналістаў за свабоду прэсы. Цяпер журналістка жыве і працуе ў Варшаве.