Наста Дашкевіч

Намесьніца старшыні “Маладога Фронту”, харызматычны лідэр нацыянальна арыентаванай дэмакратычнай моладзі. Наста Дашкевіч (у дзявоцтве — Палажанка) нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. З 1997 па 2008 гг. вучылася ў 73-й менскай школе (з паглыбленым вывучэньнем нямецкай мовы) і ў 37-й школе (з эстэтычным ухілам). З 2008 г. – студэнтка факультэта філязофіі і палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

У “Малады Фронт” Наста прыйшла ў 2004 годзе, ва ўзросьце 14 гадоў. Яна амаль адразу зазнала ціск з боку ўладаў, але і хутка зрабілася сапраўдным лідэрам моладзі.

Наста Палажанка брала ўдзел у многіх акцыях і кампаніях “Маладога Фронту”, з-за гэтага дзясяткі разоў затрымлівалася міліцыяй. Амаль адразу пасьля дасягненьня 18 гадоў цяпер ужо паўнагадовую Насту пачалі арыштоўваць. Так, 7 лістапада 2008 г. за ўдзел у антыкамуністычным пікеце каля будынку КДБ яна была арыштаваная на 3 сутак.

На VI Сойме “Маладога Фронту” 9 сакавіка 2008 году Наста была абраная намесьніцай старшыні арганізацыі.

Храналёгія  перасьледу

У 2007 годзе Наста ў ліку іншых маладафронтаўцаў была асуджаная па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). У якасьці пакараньня суд абраў папярэджаньне.

Падчас выбарчай кампаніі 2010 году на Насту Палажанку і яе таварышаў пастаянна ўзмацняўся ціск. 9 сьнежня 2010 г., за 10 дзён да падзей на Плошчы-2010, Насту разам з маладафронтаўцамі Зьміцерам Дашкевічам, Міколам Дземідзенкам і Уладімерам Яроменкам затрымала міліцыя, заявіўшы, што яны едуць на крадзенай машыне. Некалькі гадзінаў іх пратрымалі ў пастарунку і адпусьцілі.

Пасьля акцыі на Плошчы Насту арыштавалі дома ў 3.20 ночы на 20 сьнежня. Захоп 20-гадовай дзяўчыны ажыцьцяўляўся сіламі пятнаццаці супрацоўнікаў КДБ. Наста абвінавачвалася ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Утрымлівалася ў СІЗА КДБ.

17 лютага 2011 г. увечары была адпушчаная пад падпіску аб нявыезьдзе. 8 сакавіка 2011 г. стала першай беларускай, узнагароджанай Міжнароднай жаночай прэміяй за мужнасьць, якую ўручала дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан.

30 сакавіка абвінавачваньне перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх).

20 траўня 2011 г. у судзе Фрунзенскага раёну Менску асуджаная на 1 год пазбаўленьня волі ўмоўна.

27 ліпеня 2012 г. даведалася аб зьняцьці зь міліцэйскага ўліку і сканчэньні ўмоўнага тэрміну.

Напрыканцы сьнежня 2012 году ў гарадзенскай турме пабралася шлюбам са сваім нарачоным — аднадумцам па “Маладым Фронце”  Зьмітром Дашкевічам.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Справы, якія датычацца гэтага чалавека: ,

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Фядута
  • Аляксандар Казакоў
  • Аляксандар Малчанаў
  • Зьміцер Дрозд
  • Фёдар Мірзаянаў