Алесь Пушкін

Алесь Пушкін — мастак, вядомы росьпісам храмаў у розных кутках Беларусі, а таксама пэрфомансамі з палітычным падтэкстам. Упершыню зладзіў такі пэрформанс у 1989 годзе ў Менску, на ганку Тэатральна-мастацкага інстытуту (цяпер Акадэмія мастацтваў), дзе ён вучыўся. Мастак выставіў плякат, на якім былі намялаваныя закрэсьлены сьцяг тагачаснай БССР і побач — бел-чырвона-белы нацыянальны беларускі сьцяг. Такім быў адказ Алеся на забарону кіраўніцтва інстытуту зладзіць выставу, прысьвечаную БНР.

Алесь Пушкін нарадзіўся 6 жніўня 1965 году ў мястэчку Бобр у Крупскім раёне Менскай вобласьці. Вучыўся ў мясцовай школе, потым у Рэспубліканскім мастацкім каледжы, пасьля якога паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут. З 1986 г. яго працы ўдзельнічалі ў выставах. Паводле поглядаў пацыфіст, але быў прызваны на вайсковую службу і адпраўлены ў Аўганістан. Там вёў дзёньнік па-беларуску, апісваючы праўду, пакуль яго не прачытаў і не выдаў саслужбовец-беларус. Дзёньнік Пушкіна быў прызнаны антысавецкім.

Храналёгія перасьледу

Шмат разоў затрымліваўся за ўдзел у палітычных акцыях, адбываў арышты. Першы раз быў асуджаны на 5 сутак у 1988 г. за заклікі прыйсьці на першыя “Дзяды”. У 1989 г. за выставу і шэсьце ў Дзень Волі па праспэкце Леніна (цяпер Незалежнасьці) у Менску Пушкіна асудзілі на 2 гады зьняволеньня ўмоўна. Нават пасьля гэтага ён фактычна некалькі гадоў быў невыязным.

У 1999 годзе Алесь быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна за акцыю-пэрформанс “Падзяка прэзыдэнту”. 21 ліпеня 1999 г., калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўленьня першага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, Пушкін, рызыкуючы быць абстраляным прэзыдэнцкай аховай, прыкаціў да пад’езду прэзыдэнцкай управы ў цэнтры Менску пафарбаваную ў чырвоны колер тачку гною, на якім ляжалі дэнамінаваныя беларускія грошы і шыльда з падзякай Лукашэнку за працу. Быў адразу затрыманы, не назваў сваё імя, прадставіўся “чалавекам з народу”, але празь некалькі гадзінаў супрацоўнікі міліцыі самі апазналі яго. Пушкіна выпусьцілі з пастарунку пад падпіску аб нявыезьдзе.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. Алеся Пушкіна на 3 дні зьмясьцілі ў СІЗА нібыта за тое, што ў тэлефоннай размове мастак кепска казаў пра тагачаснага старшыню КДБ Сухарэнку — нібыта пра гэта данесьлі невядомыя “рыбакі”. Алеся аштрафавалі і адпусьцілі. У тым жа годзе яго спрабавалі асудзіць па абвінавачваньні ў абліваньні чорнай фарбай помніку расейскаму “сьмершаўцу”, Герою Савецкага Саюзу Чабатарову. Але справа была адпраўленая на дасьледаваньне і закрытая.

9 сьнежня, за 10 дзён да разгону акцыі пратэсту ў Менску, Пушкін быў затрыманы ў сябе дома і абвінавачаны ў хуліганстве. Пад вартай у Крупскім СІЗА абвясьціў галадоўку і “маўчанку”. Затрыманьне аказалася прэвэнтыўным. Каб палітычна актыўны мастак не арганізаваў акцыю пратэсту, яму далі 13 сутак і пасьля іх вызвалілі. Цяпер Алесь, як і раней, жыве ў мястэчку Бобр і займаецца мастацкай творчасьцю.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Малчанаў
  • Зьміцер Завадскі
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Міхаіл Чыгір