Юрый Рубцоў

Нарадзіўся 29 ліпеня 1961 года ў горадзе Гомеле. Жанаты.

Падчас акцыі “Чарнобыльскі шлях -2014” у Менску 26 красавіка зьвярнуў на сябе ўвагу яскравай майкай з надпісам “Лукашенко, уходи!” . Пасьля акцыі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

28 красавіка 2014 года яго прывезьлі ў суд Савецкага раёну г.Менску для разгляду адміністратыўных пратаколаў па артыкулах 17.1 КаАП (“дробнае хуліганства”) і 23.4 (“непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовых асобаў”). Пры гэтым яшчэ пасьля затрыманьня з Юрыя зьнялі майку, цэлы дзень трымалі ў судзе з голым торсам, у такім выглядзе яго прывялі і да судзьдзі Полулеха Кірыла, пры гэтым амаль нікога не пусьцілі на разгляд адміністратыўный справы. У якасьці рэакцыі на гэтую сытуацыю Юрый выказаў сваю адзнаку, назваўшы падобныя судовыя працэсы “судзілішчам”, а судзьдзяў, які выносяць незаконныя судовыя рашэньні, “падонкамі”. У выніку ён атрымаў максымальны тэрмін адміністратыўнага арышту ў 25 сутак (цягам якіх трымаў галадоўку ў ЦІПе), а пасьля была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза судзьдзі або народнага засядацеля”).

6 кастрычніка 2014 года Юрый Рубцоў  быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска на 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытыга тыпу.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” і РГА “Беларускі Хельсінскі камітэт” у сумеснай заяве патрабуюць вызваленьня Юрыя Рубцова і перагляду ягонай справы ў адпаведнасьці з прынцыпамі справядлівага судовага разьбіральніцтва.

Новая крымінальная справа на Юрыя была заведзеная 18 сакавіка 2015 года па артыкуле 415 КК “Ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі”. Пад варту яго ўзялі 6 красавіка, з 13 красавіка этапаваны ў СІЗА г.Баранавічы.

8-9 жніўня этапаваны ў калёнію №2 у Бабруйск.