Мікалай Разумаў

Мікалай Разумаў — жыхар г. Ворша (Віцебская вобласьць), адзін зь лідэраў Аршанскага стачкаму першай паловы 1990-х гадоў, які арганізоўваў масавыя пратэсты працоўных, у тым ліку перакрыцьцё чыгункі.

Храналёгія перасьледу

Мікалаю Разумаву ставілася ў віну тое, што 24 сакавіка 2006 г. падчас сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі ў прысутнасьці не менш за 100 чалавек ён заявіў пра датычнасьць Лукашэнкі да забойства Захаранкі і Ганчара.

Справа ўзбуджаная старэйшым сьледчым Філіповічам Е. па ч. 2 арт. 367 КК Рэспублікі Беларусь. Мерай стрыманьня абранае ўтрыманьне пад вартай. Потым М. Разумаў дастаўлены ў Менск для правядзеньня псыхіятрычнай экспэртызы. Быў прызнаны псыхічна здаровым. Тым ня менш, яго трымалі ў СІЗА з інваліднасьцю па іншых хваробах.

16 чэрвеня 2006 г. суд пакараў Разумава абмежаваньнем волі на тры гады. Але накіроўваць на “хімію” яго не сьпяшаліся. Прайшло больш за чатыры гады, калі ўлады раптам успомнілі пра актывіста.

9 лістапада 2010 г., незадоўга да чарговых выбараў прэзыдэнта, на кватэру Мікалая прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі яму прайсьці разам з імі. Мікалай Разумаў прабыў на “хіміі” да 1 лютага 2012 году. У гэты дзень яго вызвалілі, патлумачыўшы, што па гэтай справе ўжо скончыўся тэрмін даўніны.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Бяляцкі
  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Зьміцер Дрозд