Ігар Аліневіч

Нарадзіўся 24 верасьня 1983 году. Пасьля сярэдняй школы скончыў унівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Па спэцыяльнасьці інжынэр-электроншчык. Удзельнічаў у працы над расейска-беларускім спадарожнікам. Падчас вучобы зрабіў перапынак на год, каб папрацаваць на круізным ляйнэры ў Карыбскім моры, што дапамагло пабачыць іншыя краіны і ўдасканаліць веды ў замежных мовах. Са школьных гадоў цікавіўся гісторыяй, асабліва анархісцкага руху, чытаў працы і вывучаў жыцьцё ягоных заснавальнікаў, тэарэтыкаў і практыкаў:  Бакуніна, Крапоткіна, Нестара Махно ды іншых. Знаёмыя Ігара называюць яго інтэлектуалам і надзвычай цікавым чалавекам. Сам ён лічыць сябе анархістам і заявіў на судзе, што не адмаўляецца ад сваіх поглядаў.

Храналёгія перасьледу

Затрыманы сілавікамі ў цывільным 28 лістапада ў 2010 году ў Маскве, Ігар Аліневіч быў вывезены імі ў невядомым накірунку, і толькі праз суткі стала вядома пра яго знаходжаньне ў СІЗА КДБ у Менску.

27 траўня 2011 году суд Заводзкага раёну Менску пакараў Ігара 8 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Ён быў абвінавачаны паводле часткі 2 артыкулу 339 КК РБ (хуліганства, здзейсьненае групай асобаў) і частак 2 і 3 артыкулу 218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебясьпечным спосабам і ў асабліва буйным памеры).

Першапачаткова яго абвінавачвалі ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК) па эпізодах нападу на расейскую амбасаду ў ноч з 30 на 31 жніўня 2010 году, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генштабу Узброеных сілаў Беларусі 19 верасьня 2009 году. Затым абвінавачаньне было пашыранае: акрамя эпізоду па Генштабе, Аліневічу інкрымінавалі напады на казіно “Шангры Ла”, на офіс банку “Масква-Менск” 31 траўня 2010 году, на расейскую амбасаду 30 жніўня 2010 году і на Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсьціна 6 верасьня 2010 году.

Праваабарончыя арганізацыі адзначаюць, што суд над Ігарам Аліневічам і іншымі фігурантамі справы адбываўся з шэрагам парушэньняў, і таму зьняволеных па гэтай справе нельга лічыць законна асуджанымі. Так, затрыманьне Ігара Аліневіча ў Маскве і далейшая перавозка яго ў СІЗА КДБ у Менск адбываліся з парушэньнем устаноўленых працэдураў, у тым ліку працэдуры эсктрадыцыі беларускіх грамадзянаў з Расейскай Фэдэрацыі. Пры затрыманьні ён быў пазбаўлены магчымасьці атрымаць дапамогу з боку адваката і, такім чынам, магчымасьці абскардзіць затрыманьне. Цягам папярэдняга сьледзтва да абвінавачаных ужываліся псыхалягічны ціск і катаваньні. Падчас судовага разьбіральніцтва не выконваўся прынцып роўнасьці бакоў датычна прадстаўленьня доказаў. Судом часьцяком не задавальняліся абгрунтаваныя хадайніцтвы абароны, у тым ліку адносна допыту сьведак, і гэта ўплывала на аб’ектыўнасьць разгляду справы, сьведчыла пра абвінаваўчы ўхіл судовага працэсу ў цэлым.

Падчас знаходжаньня ў СІЗА КДБ разам зь іншымі вязьнямі Ігар зазнаў катаваньні. Перад тым, як яго перавялі ў іншы СІЗА — па вул. Валадарскага ў Менску — маладому чалавеку прапаноўвалі працаваць на ўлады ў якасьці хакера, ад чаго той катэгарычна адмовіўся. Па словах маці Ігара, ён адмаўляўся ад супрацоўніцтва з КДБ тройчы, і менавіта за гэта на самой справе і трапіў пад крымінальны перасьлед.

Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі г. Наваполацку (Віцебская вобласьць),  у ліпені 2014 года пераведзены у калёнію “Віцьба-3”.