Герман Сушкевіч

Герман Сушкевіч — адзін з абвінавачаных і асуджаных за ўдзел у “Маршы Свабоды”, які прайшоў у Менску 17 кастрычніка 1999 году. Герману было тады 19 гадоў, ён вучыўся на 3-м курсе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі на вячэрнім аддзяленьні. Быў актывістам “Маладога Фронту”.

Храналёгія перасьледу

Герман Сушкевіч быў затрыманы неўзабаве пасьля “Маршу свабоды” 17 кастрычніка каля 17.00 у пераходзе станцыі метро “Плошча Перамогі”. Разам з ім былі таксама затрыманыя яго стрыечны брат Глеб Догіль і сябра Андрэй Валабуеў. Паколькі асобы (пяцёра мужчынаў), якія затрымлівалі маладых людзей, былі ў цывільным, Г. Сушкевіч аказаў супраціўленьне, але яго моцна ўдарылі і пацягнулі ў машыну.

Спачатку Г. Сушкевіч, як і яго сябры, быў накіраваны ў Савецкі РАУС, затым пераведзены ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а адтуль — у сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага.

Абвінавачаньне Герману Сушкевічу было прад’яўленае 27 кастрычніка (арт.186.3 КК РБ). Мерай стрыманьня абранае знаходжаньне пад арыштам, зьмененае пасьля на падпіску аб нявыезьдзе. Яму і яшчэ тром абвінавачаным пагражала ад 1 да 5 гадоў зьняволеньня. Праз некаторы час Герман папрасіў і атрымаў палітычны прытулак у Польшчы, дзе стаў студэнтам аднаго з унівэрсытэтаў. Гэткім жа самым чынам — пакінуўшы краіну — не дачакаліся суду і іншыя фігуранты справы.

Нягледзячы на эміграцыю, Менскі гарадзкі суд прызнаў Германа і яшчэ трох маладых людзей вінаватымі і асудзіў да штрафу ў памеры 50 мінімальных заробкаў.  Праўда, адбылося гэта толькі 2 студзеня 2002 году, больш чым праз 2 гады пасьля падзеяў восені 1999-га.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікіта Сасім
  • Віталь Мацукевіч
  • Уладзімер Хамічэнка
  • Антон Сурапін