Эдуард Лобаў

Актывіст “Маладога Фронту”. Нарадзіўся ў Вільні 1 сьнежня 1988 году. Ужо ў 8-й клясе сярэдняй школы вырашыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Чытаў адмысловую літаратуру, займаўся спортам. На службу трапіў у Віцебскі дэсант. Па вяртаньні з войска Эдуард актыўна ўключыўся ў працу “Маладога Фронту”, неўзабаве стаў кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі.

Храналёгія перасьледу

Эдуард Лобаў быў асуджаны да чатырох гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэньне абвясьціла 24 сакавіка 2011 г. у судзе Маскоўскага раёну Менску судзьдзя Алена Шылько. 22-гадовы актывіст “МФ” быў прызнаны вінаватым на падставе часткі 3 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу — “асабліва злоснае хуліганства”.

Эдуард Лобаў разам са старшынём “Маладога Фронту” Зьмітром Дашкевічам быў затрыманы ў Менску 18 сьнежня 2010 году. Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкаму, у двары жылога дому па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта зьбівалі мінакоў — Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманьне Лобава і Дашкевіча было прэвэнтыўнай мерай спэцслужбаў і міліцыі напярэдадні выбараў прэзыдэнта, якія адбываліся на наступны дзень.

Да суду Эдуард утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА, з пачатку сакавіка 2011 г. — у Менскім СІЗА па вул. Валадарскага.

З 7 красавіка 2011 г. адбывае прысуд у Івацэвіцкай калёніі № 22 (так званых “Ваўчыных норах”). У адным зь лістоў напачатку 2012 г. вязень напісаў, што сячэ дровы, і што ў калёніі, якая знаходзіцца ў лесе, ня вельмі добра з радыяцыйным фонам: яна знаходзіцца на месцы былой вайсковай часткі.