Cяргей Антончык

Сяргей Антончык — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, адзін з арганізатараў і лідэраў рабочага руху Беларусі.

Нарадзіўся 1 красавіка 1956 году ў мястэчку Плешчаніцы Лагойскага раёну Менскай вобласьці. Сын былога палітвязьня, які 17 год правёў у сталінскіх лягерах.

Пасьля школы спачатку працаваў у леспрамгасе і служыў у войску, потым ажаніўся і пераехаў на радзіму жонкі ў Менск. Працягнуў працу па розных рабочых спэцыяльнасьцях на Менскім вытворчым аб’яднаньні імя Леніна (цяпер — завод “Белвар”).

У 1989 г. уступіў у суполку БНФ. Актывіст і адзін са стваральнікаў рабочага руху. Актыўны ўдзельнік страйку працоўных у красавіку 1991 г.

У 1990-1995 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і Менскага гарсавету. У парлямэнце ўваходзіў у апазыцыйную фракцыю БНФ. Пры ўдзеле Сяргея Антончыка была абвешчаная незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. У 1992 г. ён таксама быз адным з ініцыятараў правядзеньня рэферэндуму па пытаньні датэрміновага роспуску Вярхоўнага Савету.

Працаваў у знакамітай антыкарупцыйнай камісыі парлямэнта, якую ўзначальваў будучы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Пасьля абраньня апошняга кіраўніком — выступіў у Вярхоўным Савеце са знакамітым дакладам аб карупцыі ў атачэньні прэзыдэнта (20 сьнежня 1994 г.). На наступны дзень усе газэты, якія меліся надрукаваць даклад Антончыка, выйшлі зь “белымі плямамі” на старонках: у друкарнях тэкст быў зьняты па загадзе “зьверху”.

Храналёгія перасьледу

У канцы 1994 — пачатку 1995 гг. супраць Сяргея Антончыка была распачатая крымінальная справа. Гэта стала вынікам таго, што тагачасны кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў падаў на дэпутата Антончыка ў суд, будучы незадаволены згадкай пра сябе ў антыкарупцыйным дакладзе. Антончыка абвінавацілі ў паклёпе. Рашэннем суда апазыцыйны дэпутат быў аштрафаваны на суму, эквівалентную прыкладна 20 тысячам даляраў. Была часткова канфіскаваная маёмасьць Сяргея Антончыка.

У красавіку 1995 г. Сяргей Антончык быў зьбіты разам з іншымі дэпутатамі ад БНФ падчас галадоўкі пратэсту ў залі парлямэнту.

У жніўні 1995 г., нягледзячы на дэпутацкі імунітэт, Антончык быў затрыманы ў часе страйку працаўнікоў Менскага мэтрапалітэну. Некалькі сутак яго, а таксама лідэра Свабоднага прафсаюзу Генадзя Быкава, пратрымалі ў ангары на тэрыторыі спэцыяльнай часткі ўнутраных войскаў, не паведамляючы родным пра яго месцазнаходжаньне. Гэта была першая ў найноўшай гісторыі краіны спроба выкраданьня лідэраў пратэстаў.

У 2001 г. Сяргей Антончык вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты, але зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Міхаіла Марыніча. Займаўся стварэньнем незалежных прафсаюзаў, у прыватнасьці, “Рабочай Самадапамогі”. Агулам затрымліваўся міліцыяй і спэцслужбамі больш за 40 разоў. Двойчы супраць яго ўзбуджаліся крымінальныя справы.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні