Павал Сілівончык

Павал Сілівончык — актывіст “Белага Легіёну”, які існаваў у 1990-я гады, арганізацыі маладых патрыётаў і вайскоўцаў. Нарадзіўся ў 1980 годзе. 31 жніўня 1998 г. асуджаны ў судзе Ленінскага раену г. Менску па крымінальнай справе разам з Ігарам Корсакам. Паўлу тады было 18 гадоў.

Храналёгія перасьледу

Абодва фігуранты справы былі затрыманыя міліцэйскім патрулём 2 чэрвеня 1998 г. а 5-й гадзіне раніцы, калі расклейвалі ў менскім мікрараёне “Серабранка” ўлёткі апазыцыйнага зьместу і малявалі фарбай эмблему нефармальнай арганізацыі “Белы легіён”. Гэты сымбаль старажытны, ён мае назву “спарыш” і шырока выкарыстоўваецца ў беларускіх нацыянальных арнамэнтах.

Пасьля затрыманьня I. Корсака і П. Сілівончыка напрацягу 6 гадзінаў трымалі ў РАУС Ленінскага раёну г. Менску. У іх на кватэрах былі праведзеныя ператрусы. Амаль празь месяц пасьля затрыманьня абодвум актывістам прад’явілі абвінавачваньне, былі ўзятыя падпіскі аб нявыезьдзе.Спачатку справа мела адміністратыўны характар, але падчас сьледзтва была перакваліфікаваная ў крымінальную.

I. Корсак і П. Сілівончык абвінавачваліся па артыкуле 201, ч. 2 КК РБ — “хуліганскія дзеяньні з асаблівым цынізмам і дзёрзкасьцю”. Пракурор Слука прасіў пакараць Корсака і Сілівончыка адным годам пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай прысуду. У выяве “спарыша” сьледзтва ўбачыла аналёгію з фашыстоўскай свастыкай. Суду было прадстаўленае заключэньне экспэртаў-мастацтвазнаўцаў, з якога вынікала, што знак “спарыша” зьяўляцца часткай беларускага арнамэнту. Дарэчы, гэты самы арнамэнт выкарыстаны ў аздабленьні афіцыйна прынятага пры Лукашэнку сьцягу РБ.

На судзе I. Корсак і П. Сілівончык “прызналі сваю віну часткова”. Суд прыйшоў да высновы, што “знак складанай канфігурацыі чырвонага колеру”, які падсудныя наносілі з дапамогай трафарэту на сьцены ў менскім раёне Серабранка, “не зьяўляецца свастыкай”.

Тым ня менш, І. Корсаку і П. Сілівончыку быў вынесены прысуд — штраф у памеры 10 мінімальных заробкаў (2,5 млн. беларускіх рублёў). Трафарэт “знаку складанай канфігурацыі” і ўлеткі апазыцыйнага зьместу было вырашана зьнішчыць.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Андрэй Пачобут
  • Валеры Леванеўскі
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Алег Федаркевіч