Васіль Лявонаў

Васіль Лявонаў – былы міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Перад тым, як заняць пост міністра, ён зьяўляўся гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Нямеччыне, узначальваў Магілёўскі абкам партыі. З таго часу Васіль Лявонаў знаёмы з прэзыдэнтам РБ Аляксандрам Лукашэнкам, які ў той час кіраваў  саўгасам “Гарадзец”. Падчас выбараў першага прэзыдэнта Беларусі Васіль Лявонаў адкрыта падтрымліваў В. Кебіча, аднак нягледзячы на гэта, прыняў прапанову А. Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня. В. Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, пасьля чаго ў міністэрстве пачаліся масіраваныя праверкі.

Васіль Лявонаў пасьлядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаваньні сельскай гаспадаркі, накіраванай на рэфармаваньне калектыўнай уласнасьці, далучэньне сельскай гаспадаркі да рынкавай эканомікі, яе вызваленьне ад камандна-адміністрацыйных метадаў, што і сталася асноўнай прычынай ягонага арышту.

Храналёгія перасьледу

Васіль Лявонаў быў арыштаваны 11 лістапада 1997 году ў працоўным кабінэце. Яго арышт здымала група апэратараў беларускага тэлебачаньня, і сюжэт пра гэта некалькі разоў трансьлявалі на беларускім тэлебачаньні, што расцэньваецца ПЦ “Вясна” як ціск на сьледзтва і суд. Як ціск на сьледзтва можна разглядаць і публічныя выказваньні А. Лукашэнкі, напрыклад, падчас выступленьня на сходзе АТ “Рассвет” праз тры дні пасьля арышту В. Лявонава (выступленьне трансьлявалася па беларускім тэлебачаньні) : “Я пераканаўча прашу Глухоўскага — самым жорсткім чынам весьці сьледзтва! Дзейнічайце ня гледзячы ні на што!” На гэтым жа сходзе А. Лукашэнка публічна абвінаваціў В. Лявонава ў дачыненьні да забойства Я. Мікалуцкага. Трэба адзначыць, што абвінавачаньне ў апошнім “злачынстве” так і не было прад’яўленае зьняволенаму.

Эксміністру прад’яўленыя абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 91.1 – “крадзеж маёмасьці ў асабліва буйных памерах”, арт. 169 — “атрыманьне хабару” і арт. 213 — “незаконнае захоўваньне баявых прыпасаў і зброі”.

На судзе, які пачаўся 17 жніўня 1999 году, сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў. Ужо ў першай сваёй прамове ён заявіў, што лічыць сваё зьняволеньне палітычнай справай, ня верыць у справядлівасьць суду, бо, па яго меркаваньні, яго будзе судзіць ня суд, а асабіста А. Лукашэнка.

61-гадовы В. Лявонаў пакутуе на шэраг цяжкіх хранічных захворваньняў. Стан яго здароўя падчас зьняволеньня ў СІЗА значна пагоршыўся, ён перанёс некалькі сардэчных прыступаў.

14 студзеня 2000 г. Васіль Лявонаў прызнаны Вярхоўным судом вінаватым у хабарніцтве і крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ды пакараны 4 гадамі калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Прысуд вынес судзьдзя Вярхоўнага суду Беларусі Віктар Чартовіч.

Вызвалены 5 кастрычніка 2000 г. паводле амністыі.

З 2001 г. — старшыня аргкамітэта руху “За новую Беларусь”.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Крук
  • Кацярына Салаўёва
  • Аляксандар Францкевіч
  • Уладзімір Кондрусь
  • Яўген Сакрэт