Антон Сурапін

Антон Сурапін нарадзіўся 28 лютага 1992 г. у горадзе Слуцку Менскай вобласьці.

З 2009 г. — студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ. Фотажурналіст, стваральнік сайту bnp.by — “Belarus News Photo”. Сябра БАЖ.

Антон быў першым журналістам, які разьмясьціў на сваім сайце фотаздымак “плюшавага дэсанту” — знойдзенага ў Гарадзенскай вобласьці цацачнага мядзьведзя з прычэпленымі да яго антыдыктатарскімі лёзунгамі. 4 ліпеня 2012 г. некалькі соцень такіх цацак скінулі з самалёту трое грамадзянаў Швэцыі на знак салідарнасьці з беларусамі. Мяжу з Беларусьсю швэды перасяклі нелегальна. На скінутыя імі над Івянцом і ўскраінай Менску цацкі з лёзунгамі палявалі міліцыя і спэцслужбы, а афіцыйныя асобы абвесьцілі, што ніякага самалёту з мядзьведзікамі не было. І тут у інтэрнэце зьявіўся здымак мядзьведзіка — доказ таго, што самалёт са Швэцыі быў… Улады былі разьюшаныя. Пачаліся арышты.

Храналёгія перасьледу

Антон Сурапін быў затрыманы 13 ліпеня 2012 году ў менскай кватэры, у якой пражываў.  Папярэдне ў яго быў праведзены ператрус. Малады журналіст зьмешчаны ў СІЗА КДБ — “амэрыканку”.

Афіцыйных зьвестак пра тое, што Антону было прад’яўленае абвінавачваньне, не было некалькі тыдняў. Тым ня менш, праваабаронцы агучвалі думку, што яму інкрымінуюць спрыяньне незаконнаму перасячэньню мяжы, але ўлады па нейкіх прычынах хаваюць факт прад’яўленьня журналісту абвінавачваньня.

7 жніўня 2012 г. абвінавачваньне А. Сурапіну было ў рэшце рэшт прад’яўлена афіцыйна.

У канцы ліпеня 2012 году некалькі дзён запар адвакат Сурапіна не мог дабіцца сустрэчы з падабаронным у СІЗА КДБ, што нагадвала брутальную сытуацыю з нядопускам адвакатаў да вязьняў Плошчы-2010.

17 жніўня ўвечары стала вядома, што Антон Сурапін, як і другі абвінавачаны па гэтай справе Сяргей Башарымаў, вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе.  Абвінавачаньне пры гэтым засталося ў сіле.

Прызнаны “Міжнароднай Амністыяй” вязьнем сумленьня. Акрамя таго, паводле гэтай арганізацыі, арышт Сурапіна стаў самым абсурдным арыштам у сьвеце па выніках 2012 году.

28 чэрвеня 2013 г. першы намесьнік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка паведаміў аб закрыцьці крымінальнай справы аб “плюшавым дэсанце”.