Андрэй Бурлака

Грамадзянін Украіны, удзельнік “Чарнобыльскага Шляху” 1996 году. Фігурант “справы УНА-УНСО”.

Нарадзіўся ў 1985 годзе. На Радзіме спрабаваў паступаць у духоўную сэмінарыю, бо марыў стаць сьвятаром. На час арышту зьяўляўся студэнтам 4-га курсу Ўкраінскага дзяржаўнага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі. Акрамя ўкраінскай і расейскай моваў, на момант суду валодаў польскай і вывучаў турэцкую.

Храналёгія перасьледу

Затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным у цэнтры Менску 26 красавіка 1996 г. падчас разгону акцыі “Чарнобыльскі Шлях”. У час шэсьця міліцыя не давала людзям прайсьці па галоўным праспэкце беларускай сталіцы, з-за чаго некалькі разоў распачыналіся сутычкі паміж удзельнікамі шэсьця і праваахоўнымі органамі.

Утрымліваўся ў менскім СІЗА “Валадарка”. Як заявіла падчас суда ягоная маці, з-за траўмы ў дзяцінстве хварэў на эпілепсію, і калі яму не дапамагчы ў час, хлопец “можа прапасьці”.

Андрэй Бурлака сказаў у судзе, што у Менск прыехаў для таго, каб паглядзець Беларусь, бо заўсёды цікавіўся архітэктурай старажытных будынкаў і цэрквамі, што “10-годзьдзе Чарнобыля — гэта дзень агульнай бяды для Беларусі і Ўкраіны”. Але падзеі 26 красавіка ў Менску яго шакавалі. Паводле ягоных паказаньняў, пасьля арышту сьледчыя пагражалі выкінуць яго з вакна, калі не падпіша дакуманты аб удзеле ў акцыі. Ягонай маці сьледчыя не паведамілі аб месцы знаходжаньня сына, даведалася яна аб гэтым выпадкова ад украінскіх журналістаў, што асьвятлялі падзеі ў Менску 26 красавіка.

Вінаватым сябе не прызнаў.

Асуджаны ў канцы жніўня 1996 г. Менскім гарадзкім судом на 1 год зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Прысуд вынес судзьдзя Рыгор Казырыцкі, пракурор у працэсе — Сяргей Целяжэвіч.

Вызвалены ў сьнежні 1996 г. напярэдадні каталіцкіх Калядаў паводле амністыі разам з некалькімі іншымі ўкраінскімі грамадзянамі, асуджанымі па гэтай справе. За кратамі з іх засталіся толькі Сяргей Патапаў і Андрэй Шапціцкі, якіх вызвалілі ў ліпені 1997 г.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Лыско
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Андрэй Клімаў
  • Анатоль Паўлаў
  • Яна Палякова