Аляксандар Казакоў

Аляксандар Казакоў — актывіст моладзевага руху “Зубр”, у які прыйшоў яшчэ ў 9-м класе сярэдняй школы. Нарадзіўся ў г. Барысаве Менскай вобласьці ў 1986 годзе. Навучаўся завочна ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР).  Быў таксама актыўным удзельнікам скаўцкага руху ў Крупках Менскай вобласьці.

Храналёгія перасьледу

Разам з іншым “зуброўцам”, Зьміцерам Зубро, быў затрыманы ў цэнтры Менску ў ноч на 28 сьнежня 2005 году за палітычныя графіці — напісаньне лічбы “16”, якая заклікае да ўдзелу ў Дні салідарнасьці з палітвязьнямі. Пры затрыманьні Аляксандар быў збіты, пазьней дактары знайшлі ў 20-гадовага хлопца пералом носа.

Больш за двое сутак Аляксандар правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, пасьля быў адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе. Балёнчыкаў з фарбай пры затрыманых не знайшлі.

Быў абвінавачаны па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу — “аказаньне супраціву супрацоўніку міліцыі”. Справа ў тым, што перад затрыманьнем маладыя людзі спачатку зьбеглі ад міліцыі за рог бліжэйшага дому. Але калі пайшлі пехам, думаючы, што пагоня скончылася, міліцыянты іх дагналі. Спачатку Зьмітра, а потым і Аляксандра зьбілі з ног, і лежачы на зямлі, яны не аказвалі ніякага супраціву. Тым больш, што абодвум закавалі рукі ў кайданкі.

7 красавіка 2006 г. судзьдзя суда Цэнтральнага р-ну г. Менску Валеры Есьман асудзіў Аляксандра Казакова да 2 гадоў абмежаваньня волі. Неўзабаве (9 траўня 2006 г.) Аляксандар зьехаў за межы Рэспублікі Беларусь. Пасьля гэтага ён вучыўся ў Варшаўскім унівэрсытэце па спэцыяльнасьці “інфарматыка”.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Сяргей Марцалеў
  • Зьміцер Мядзьведзь
  • Аляксей Шыдлоўскі