Аляксандар Францкевіч

Аляксандар Францкевіч нарадзіўся 6 траўня 1990 году на Віцебшчыне, у г. Наваполацку. Пасьля сканчэньня ліцэю працаваў праграмістам. Пазьней пераехаў жыць і працаваць у Менск. Цікавіўся гісторыяй палітычных партыяў. У родным горадзе далучыўся да антыфашыстоўскага руху, у сталіцы пасябраваў з анархістамі, погляды якіх былі яму блізкія, і стаў дапамагаць ім. Знаходзіўся пад вартай з 3 верасьня 2010 году.

Храналёгія перасьледу

20 верасьня Аляксандру Францкевічу прад’явілі абвінавачаньне па ч. 2 арт. 339 КК РБ. Непасрэдна ён абвінавачваўся ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску (будынак належыць ДУПП “ЖКГ “Комплекс”). 14 лютага яму прад’явілі новае абвінавачаньне, паводле якога яго вінавацілі ў салігорскім нападзе і нападзе на прафсаюзы па ч. 3 арт. 218 і па ч. 2 арт. 339 КК РБ, а таксама ў акцыі пад Генштабам па ч. 2 арт. 339 КК РБ. Матэрыяльная шкода гэтых дзеяньняў была ацэненая ў 1 мільён 900 тысячаў бел. рублёў.

У чаканьні суду ўтрымліваўся ў менскім СІЗА на вул. Валадарскага. Нягледзячы на праблемы са здароўем — мае адну нырку, — ня быў вызвалены да суду. Варта адзначыць, што падчас сьледства ягоны адвакат Павал Сапелка быў пазбаўлены ліцэнзіі за актыўную абарону палітычных вязьняў пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году.

24 траўня 2011 году Аляксандар Францкевіч быў асуджаны Заводзскім судом Менску на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Адбываў прысуд у калёніі № 22 каля г. Івацэвічы (Берасьцейская вобласьць) “Ваўчыныя норы”.

Вызвалены 3 верасьня 2013 году.

Аляксандра Францкевіча затрымалі 13 жніўня 2020. Яму прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 КК РБ – «Арганізацыя масавых беспарадкаў».

28 жніўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным.