Тацяна Цішкевіч

Тацяна Цішкевіч — актывістка руху “JEANS — за Свабоду!” і кампаніі “Эўрапейская Беларусь”, адна з асуджаных па “справе 14-ці”.

Храналёгія перасьледу

У 2008 годзе за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня была затрыманая і зьбітая АМАПаўцамі ў аўтазаку падчас дастаўкі ў Цэнтральны РАУС. (10 студзеня 2008 году некалькі тысяч чалавек бралі ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760. У той дзень было затрымана некалькі дзясяткаў грамадзянаў, многія з якіх пры гэтым былі моцна зьбітыя).

Спачатку Тацяну асудзілі на адміністратыўны тэрмін, большы за звычайны, вызначаны Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэньнях — 20 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятару на Акрэсьціна яе адлічылі з ВНУ. Тацяна Цішкевіч вучылася на 1-м курсе Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры на факультэце спартовых гульняў і адзінаборстваў па спэцыяльнасьці “трэнер коннага спорту”. Пра адлічэньне ёй паведамілі дэкан Шахлай Аляксандар Міхайлавіч, прарэктар па навучальна-выхаваўчай працы Гататулін Аляксей Геньятавіч і рэктар Кобрынскі Міхаіл Яўхімавіч. Прычына адлічэньня – адміністрацыйнае правапарушэньне, накіраванае супраць грамадзкай маралі і маральнасьці.

Дзяўчыне было прад’яўлена абвінавачваньне па па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

22 красавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Алена Ільіна вынесла, у ліку іншых, прысуд Тацяне Цішкевіч: два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.

Неўзабаве пасьля прысуду Тацяна пакінула Беларусь, зьехаўшы вучыцца ў Польшчу.

У красавіку 2009 г. беларускія ўлады спрабавалі абвесьціць актывістку ў вышук.

Яшчэ перад сваім асуджэньнем, у жніўні 2007 г., Тацяна Цішквіч была зьбітая “асобамі ў цывільным” пры спробе прадухіліць затрыманьне паплечніка па “Эўрапейскай Беларусі” Мікіты Сасіма. Тады дзяўчына патрапіла ў шпіталь з дыягназам “лёгкая чэрапна-мазгавая траўма”. А 23 траўня 2007 г. на Тацяну Цішкевіч напалі невядомыя ў цывільнай вопратцы падчас акцыі пратэсту моладзі “Не — адмене ільготаў!” у цэнтры Менску.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Кім