Павал — адзін з падазраваных па крымінальнай справе аб мультфільмах, заведзенай у жніўні 2005 году пракуратурай г. Менску. Павал Марозаў у той час быў каардынатарам праекту грамадзкай ініцыятывы “Трэці Шлях”.
Храналёгія перасьледу
Паўлу Марозаву інкрымінаваўся распаўсюд ў інтэрнэце сатырычных мультфільмаў, якія «зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Беларусі» (арт. 367 ч. 1).
У межах крымінальнай справы Павал Марозаў, а таксама адміністратар сайту грамадзкай ініцыятывы «Трэці шлях» Андрэй Абозаў, былі дапытаныя ў якасьці сьведак. Супрацоўнікі КДБ правялі ў іх кватэрах ператрусы і вывезьлі кампутарную тэхніку.
Празь некаторы час Павал Марозаў пакінуў Беларусь, не чакаючы верагоднай зьмены статусу ў крымінальнай справе і суда.
Эмігравалі і два іншыя падазраваныя па справе — Андрэй Абозаў і Алег Мініч.