Вінцук Вячорка

Вядомы беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, выкладчык, навуковец-філолаг. Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» (БНФ) у 1988 годзе, з 1999 па 2007 гг. – ягоны кіраўнік.

Нарадзіўся 7 ліпеня 1961 г. у Берасьці. У 1983 скончыў філалагічны факультэт БДУ, у 1986 — асьпірантуру пры інстытуце мовазнаўства Акадэміі Навук. З 1990 выкладаў у Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце (зараз — Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт). З 1990 працаваў выкладчыкам у Беларускім гуманітарным ліцэі і ў гістарычным часопісе «Спадчына».
У 1979 г. Вінцук Вячорка стаў адным з заснавальнікаў «Майстроўні» — нефармальнай творчай суполкі, якая дзейнічала да 1984. У 1979-1985 гг. браў удзел у дзейнасьці самвыдавецкай суполкі «Беларуская Талеранцыйная Грамада». У 1985 г. быў адным з заснавальнікаў Клубу імя У.Караткевіча. У 1986-1989 уваходзіў у знакамітую «Талаку», якая дала Беларусі шмат вядомых актывістаў апазіцыі і дзеячаў культуры. У 1986-1990 гг. уваходзіў у групу «Незалежнасьць», у 1988-1989 — у Канфедэрацыю Беларускіх Моладзевых Суполак.
Браў актыўны ўдзел ва ўтварэнні Беларускага Народнага Фронту (БНФ) у 1988 годзе. Адзін з аўтараў тэксту праграмы БНФ.
У 1980 разам з Сяргеем Дубаўцом і Сяржуком Сокалавым выдаваў пазацэнзурны літаратурны і палітычны часопіс «Люстра дзён» (выйшла 4 нумары), які падпісваўся калектыўным псэўданімам «Беларуская Талеранцыйная Грамада». У 1986-1987 разам з Сяргеем Дубаўцом і Алесем Бяляцкім выдаваў самвыдавецкі часопіс «Бурачок», які выклікаў пільную ўвагу КДБ. З 1990 па 1993 уваходзіў у склад рэдакцыі «Навінаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне».

Храналёгія перасьледу

Вінцук Вячорка адчуў на сабе прэсінг з боку недэмакратычных уладаў яшчэ за савецкім часам: 13 чэрвеня 1984 г. ён быў затрыманы за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць зноса будынку тэатра 19 стагоддзя ў Менску ў раёне кансэрваторыі.
Супраць Вінцука Вячоркі была распачата крымінальная справа ў сувязі з падзеямі 25 сакавіка 1996 г., калі было разагнанае святочнае шэсьце ў гонар Дня Волі. Вячорка быў абвінавачаны ў ціску на супрацоўніка Цэнтральнага райаддзела міліцыі Менска падпалкоўніка. Акрамя таго, раніцай 27 красавіка, пасьля разагнанага напярэдадні “Чарнобыльскага Шляху”, сп. Вінцука затрымала міліцыя ў двары дома, дзе ён жыў. Чацьвёра сутак палітык правёў пад арыштам і быў вызвалены толькі таму, што адразу ж пачаў галадоўку пратэсту. Прайшло прыблізна паўтары гады, перш чым крымінальная справа была спынена. Аднак і перад ёю, і пасьля спадар Вінцук неаднойчы быў затрыманы падчас акцый апазіцыі. Яго асуджаны па адміністратыўных справах на штрафы альбо арышты тэрмінам у 15 сутак.
Вінцук Вячорка стаў адным з тых беларусаў, у каго пад рэпрэсіі рэжыма патрапіла сям’я. Найбольшы ціск выпаў на долю сына вядомага палітыка.
2 верасьня 2004 г. В. Вячорка падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёну г. Менска на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі і зьбівалі ягонага непаўнагадовага сына Франака падчас акцыі 1 верасьня “Хочам вучыцца па-беларуску!”. У скарзе сярод іншага адзначалася, што, насуперак патрабаванням закону, аб месцазнаходжаньні сына не было паведамлена ягоным бацькам.
У 2009 г. сына Вінцука Вячоркі Франака забралі ў войска, не даўшы яму скончыць медычнае абследаванне пасьля нядаўняй аперацыі. Супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным уварваліся ў бальнічную палату, выкруцілі Франаку рукі, надзелі кайданкі і вывалаклі хлопца, каб даставіць у ваенкамат. Крыкі сына Вінцуку чуў праз тэлефон. Разам з жонкай Арынай ён прыбыў да ваенкамату, але ахова нават не пусьціла іх за браму. Пазьней Франак быў дэмабілізаваны па стане здароўя за тры месяцы да канца службы. Яму пагражалі крымінальнай справай за вядзенне дзённікаў падчас службы і іх апублікаванне.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дашкевіч
  • Яраслаў Грышчэня
  • Андрэй Клімаў
  • Аляксандар Малчанаў
  • Зьміцер Бандарэнка