29-гадовы Ігар Лосік — блогер, адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга», на які падпісана больш за 170 тысячы карыстальнікаў.
Ігар Лосік родам з Баранавічаў, яго бацькі працуюць у «Белтэлекаме». Адвучыўся на настаўніка замежных моў у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, але па спецыяльнасці не працаваў – яму выдалі свабодны дыплом, бо не змаглі размеркаваць па месцы жыхарства, паведамляе nashaniva.by.
Блогер жанаты, з жонкай Дар’яй пазнаёміўся ў 2009 годзе – па перапісцы ў «ВКонтакте». Ажаніліся яшчэ студэнтамі, у шлюбе шэсць гадоў.
Дар’я таксама вучылася ў БарДУ – на маркетолага-эканаміста. Працуе эканамістам у Баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы. Зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку – у сям’і расце маленькая дачка.
“Думаю, што на маёй працы ўжо ўсе ў курсе сітуацыі, – кажа маладая жанчына. – Не ведаю, што будзе да моманту майго выхаду з дэкрэту, працягнуць кантракт ці не, – пакуль з майго кіраўніцтва ніхто не выказваўся з гэтай нагоды”.
Свой канал Ігар Лосік стварыў у 2013 годзе. У “Беларусі галаўнога мозга” на сёння каля 170 тысяч падпісчыкаў – гэта адзін з найбуйнейшых тэлеграм-каналаў краіны.
“Ён хацеў збіраць любога кшталту інфармацыю па Беларусі, – працягвае жонка блогера. – Калі каранавірус пачаўся, пісаў пра каранавірус. Цяпер усе цікавяцца выбарамі – адпаведна, пра гэта ставіў інфармацыю.
Я не ведаю, як ён гэта робіць, але атрмліваецца ў яго ўсё добра. Ён чытае шмат замежных тэлеграм-каналаў, магчыма, нейкія ідэі прыходзілі і адтуль”.
Нагадаем, што Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі вакол прэзідэнцкіх выбараў, у тым ліку і апошнія затрыманні падчас “ланцуга салідарнасці” ў Мінску і іншых гарадах.
Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі вакол выбарчай кампаніі прэзідэнта Беларусі. Таксама Ігар з’яўляецца пазаштатным кансультантам выдання «Радыё Свабода».
Храналогія пераследу
25 чэрвеня ў доме ў Баранавічах, дзе жыве Ігар Лосік з сям’ёй, прайшоў вобшук, пасля якога яго затрымалі. Пасля ўтрымання яго у ІЧУ ў Мінску, зараз ён знаходзіцца ў СІЗА №1 на вул. Валадарскай у Мінску.
Праваабарончай супольнасцю Ігар Лосік прызнаны палітвязнем.
palitviazni.info