Эдуард Бабарыка

Эдуард Бабарыка — кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

Акрамя таго, сын Віктара Бабарыкі – бізнесмен. Заснавальнік краудфандынгавай пляцоўкі «Улей» і сузаснавальнік пляцоўкі «MolaMola».

«Улей» – краўдфандынгавая платформа, якая працуе па такім прынцыпе: людзі падтрымліваюць грашыма нейкую ідэю, скідаюцца на яе рэалізацыю, а аўтар гэтай ідэі пасля дзеліцца вынікам; сродкі пералічваюцца толькі ў тым выпадку, калі аўтару ўдалося зацікавіць людзей настолькі, што яны перадаплацілі 100% кошту яго праекта.

MolaMola – фандрайзінгавая пляцоўка, на якой можна проста папрасіць дапамогі, не будучы вінным за гэта нешта наўзамен; дапамога тут прыходзіць непасрэдна на картку аўтара кампаніі.

“Я шмат што ўмею, – распавядаў Эдуард Бабарыка 34mag.net. – Граю на музычных інструментах. Разбіраюся ў механіцы, фізіцы. Я магу выступаць, магу пісаць тэксты, магу спяваць, ствараць бізнэс-мадэлі, займацца маркетынгам. Але я нічым не выбітны.

А можа быць, выбітны – у балансіроўцы. Прырода імкнецца да балансу, але фактарамі звонку баланс парушаецца. Я з’яўляюся спараджэннем той самай прыроды і, па ідэі, павінен адчуваць сябе арганічна, захоўваючы баланс і стрэсуючы з-за таго, што нешта дзесьці пераважвае. Сочыш за ўнутранымі арэлямі: адхіліўся, задумаўся – змяняеш баланс. І застаешся паміж”.

Хроніка пераследу

Эдуард Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня разам з бацькам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў.

Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР “праводзіліся вучэнні”. У гэты ж дзень Эдуард Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ.

21 чэрвеня Эдуарду Бабарыка было прад’яўлена абвінавачванне паводле арт. 243 (“Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры”).

palitviazni.info