Уладзімір Навумік — член ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Мае вышэйшую адукацыю, працуе інжынерам на прадрыемстве “Гандальмаш”. Жанаты, ёсць маленькая дачка.
Пасля затрымання Уладзіміра Навуміка, які зараз знаходзіцца ў СІЗА-1, да яго дадому прыйшлі з праверкай загадчыца, выхавальнік і псіхолаг дзіцячага садка, у які ходзіць іх пяцігадовая дачка.
Сказалі, што пасля ператрусу, які праводзіўся ў сувязі з затрыманнем Уладзіміра, да іх паступіла інфармацыя аб тым, што ў кватэры Навумікаў нібыта неналежныя ўмовы для выхавання дзіцяці.
Як звычайна ў такіх выпадках камісія з дзіцячага садка праверыла наяўнасць прадуктаў у лядоўні сям’і, асноўнага кармільца якога беларуская дзяржава кінула за краты, чысціню у кватэры, наяўнасць іншых умоваў для маленькай дачкі, інфармуе novychas.by
Відавочна, што на сям’ю Навумікаў праз камісію з дзіцячага садка аказваўся ціск.
Храналогія пераследу
Знаходзіўся на пікеце па зборы подпісаў у Гродне 29 траўня. Затрыманы 31 траўня. Выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) КК.
Праваабарончай супольнасцю Уладзімір Навумік быў прызнаны палітвязнем.
9 ліпеня Уладзімір Навумік быў адпушчаны на волю пад падпіску аб нявыездзе. Ён застаецца абвінавачаным па крымінальнай справе.