Мікіта Емельянаў

Мікіта Емяльянаў нарадзіўся 24 сакавіка 2000 году. Маці працавала ў міліцыі, бацька да арышта сына таксама працаваў у МУС.

Мікіта вучыўся на 3-м курсе ў БНТУ на спецыяльнасці “Караблебудаўніцтва і гідраўліка”. Падчас следства з універсітэта яго адлічылі. Працаваў кур’ерам акамулятараў.

Сям’я Мікіты Емельянава – каталікі. Мікіта ў касцёле быў міністрантам. На момант следства да яго не пусцілі ксяндза, які хацеў яго навясціць, як даведаўся аб затрыманні. Акрамя Мікіты ў сям’і яшчэ тры сыны.

«Вельмі любіць чытаць кнігі з серыі “Невядомая гісторыя” Анатоля Тараса, любіць тэатр — у ягоным рэйтынгу на першых месцах спектакль “Пане Каханку” ў тэатры імя Горкага і “Чорная панна Нясвіжа” ў Купалаўскім тэатры. Добры, спачувае людзям. За тое, што спачуваў палітвязням, як Змітру Паліенку ды іншым, яго гэтак моцна і пакаралі. Гэта зразумела», — распавяла маці Емяльянава svaboda.org.

Хроніка пераследу

У 2019 годзе Мікіта пазнаёміўся з Іванам Комарам, бачыў, якая наўкол адбывалася несправядлівасць, таму вырашыў выразіць сваю салідарнасць з рэпрэсаванымі па палітычных матывах: Міхаілам Жамчужным, Вадзімам Бойкам, Іллёй Валавіком Зміцерам Паліенкам (на момант восені 2019 году), Святаславам Барановічам…

Падчас следства на сям’ю Емяльянава моцна ціснулі і пагражалі Мікіце вялікім тэрмінам.

12 лютага 20120 году Мікіта Емельянаў быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК) за тры эпізоды: чырвоная фарба на будынку Мінгорсуда (25 верасня павінен быў адбыцца “зачынены” суд над Змітром Паліенка), две спробы атакі СІЗА на Валадарскага (адна няўдалая).

Усе акцыі Мікіта прысвяціў салідарнасці з палітычна рэпрэсаванымі і адзначыў, што з’яўляецца прыхільнікам анархісцкіх поглядаў. У апошнім слове на судзе ён заявіў: “У барацьбе за свабоду і правы чалавека мэта апраўдвае сродкі”, і ў суда нічога не прасіў.

14 лютага 2020 году Мікіта Емельянаў быў прызнаны шэрагам праваабарончых арганізацый палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org