Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 года ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна ў сям’і настаўнікаў. Паходзіць са старажытнага праваслаўнага шляхецкага роду герба Касцеша. Продкі маці паходзяць са шляхецкага роду Валадковічаў. Дзед палітыка, Павал Статкевіч, быў расстраляны ў 1944 годзе за сувязь з партызанамі. Дзед па кудзелі, Сымон Гарабец, быў сябрам КПЗБ, расстраляны пад час сталінскіх рэпрэсій.[4]

У 1973 г. паступіў у Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча (МВІЗРВ). Скончыў у 1978 г. па спецыяльнасці «ваенны інжынер па радыёэлектроніцы». Па размеркаванні быў накіраваны ў Мурманскую вобласць, дзе служыў 4 гады. Меў вышэйшую баявую класіфікацыю – «Майстар».

У 1982 г. вярнуўся ў Мінск, паступіў у МВІЗРВ ў ад’юнктуру. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, стаў кандыдатам тэхнічных навук. Выкладаў у МВІЗРВ. Пасля 1991 г. спрабаваў чытаць лекцыі на беларускай мове. Уцягваў курсантаў у Беларускае аб’яднанне ваенных, чым выклікаў негатыўную рэакцыю камандавання. Паступіў у дактарантуру. Напісаў больш за 60 навуковых прац у галіне кіравання, эканомікі і сацыяльнай псіхалогіі.

Яшчэ да распаду Савецкага Саюза распрацаваў і апублікаваў канцэпцыю стварэння беларускай арміі, якая была рэалізавана пасля атрымання нашай краінай незалежнасці.

У пачатку 1991 года ў знак пратэсту супраць падаўлення танкамі дэманстрантаў у Вільнюсе выйшаў з КПСС

20 жніўня 1991 года адзіны з вайскоўцаў у Беларусі публічна выступіў супраць путча ў Маскве.

Кандыдат тэхнічных навук, падпалкоўнік запасу.

У 2000 г. балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, але абраны не быў.

З 2003 года — лідэр «Еўрапейскай кааліцыі».

У 2008 годзе напярэдадні парламенцкіх выбараў нягледзячы на судзімасць была зарэгістраваная ягоная ініцыятыўная група, аднак подпісы былі прызнаныя несапраўднымі, і сам Статкевіч не атрымаў статус кандыдата ў дэпутаты.

Напярэдадні парламенцкіх выбараў 2012 года ініцыятыўная група Мікалая Статкевіча не была зарэгістраваная праз знаходжанне Статкевіча ў месцах пазбаўлення волі.

Быў адным з арганізатараў мітынгу 10 кастрычніка 2015 года перад прэзідэнцкімі выбарамі. Таксама арганізаваў акцыю пратэсту 12 верасня 2016 года пасля парламенцкіх выбараў. Падтрымліваў пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў 2016 года.

Напярэдадні парламенцкіх выбараў 2016 года ініцыятыўная група Мікалая Статкевіча не была зарэгістраваная праз наяўнасць у яго судзімасці.

У 2011 годзе пабраўся шлюбам з Марынай Адамовіч, мае дзвюх дачок ад першага шлюбу.

Адзін з арганізатараў акцый пратэсту ў Беларусі, 2017 года.

У студзені 2019 года Беларускім нацыянальным кангрэсам (“Еўрапейская Беларусь”, Уладзімір Някляеў, БСДГ, БСДП (НГ)) прапанаваны на кандыдата ў Прэзідэнты.

Храналогія пераследу

У 2005 г. асуджаны да 3 гадоў абмежавання волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 г. у Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. У 2006 г. міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Мікалая Статкевіча вязнем сумлення.

19 снежня 2010 г. браў удзел у акцыі на плошчы Незалежнасці. Пасля жорсткага разгону мітынгу пры ад’ездзе на таксоўцы заблакаваны спецназам і затрыманы.

З 19 снежня 2010 г. па 12 студзеня 2011 г. трымаў галадоўку пратэсту ў СІЗА КДБ.

26 мая 2011 г. у Ленінскім судзе г. Мінска судзя Людміла Грачова агучыла ягоны прысуд: 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма (пракурор — Кірыл Чубкавец).

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Статкевіча вязнем сумлення.

Спачатку адбываў тэрмін пакарання ў калоніі г. Шклова, дзе атрымаў траўму рукі, працуючы на лесапілцы, напачатку верасня 2011 г.. Адміністрацыя калоніі замоўчвала гэты факт і адмаўляла сваякам у спатканнях. Міколе Статкевічу тады было адмоўлена ў тэлефанаваннях дадому, таксама аказваўся іншы маральны ціск.

13 снежня 2011 г. стала вядома, што Мікола Статкевіч знаходзіцца ў штрафным ізалятары ў шклоўскай ПК № 17. Падставай змяшчэння вязня ў ШІЗА на 5 сутак стала публікацыя ў СМІ ягоных лістоў, неадцэнзураваных адміністрацыяй калоніі.

12 студзеня 2012 года на закрытым паседжанні Шклоўскі раённы суд асудзіў Статкевіча да больш строгага рэжыму ўтрымання — 3 гады зняволення ў крытай турме (суддзя — Віталь Волкаў). Прычынай было названае «злоснае парушэнне рэжыму». Ужо праз 4 дні стала вядома аб знаходжанні палітыка ў турме № 4 г. Магілёва, дзе нашмат больш жорсткія ўмовы ўтрымання. 17 студзеня 2012 г. Статкевіч пакараны 10 суткамі карцэра (за што — дагэтуль дакладна не вядома). Знаходзіўся ў камэры-адзіночцы магілёўскай турмы. У канцы чэрвеня 2012 г. зноў быў пераведзены ў штрафны ізалятар.

12 студзеня 2015 года этапаваны ў шклоўскую папраўчую калонію №17.

4 мая 2015 г. суддзя Шклоўскага раённага суда Святлана Баранцава прызнала Статкевіча вінаватым у парушэнні правілаў унутранага распарадку калоніі і прыняла рашэнне накіраваць палітвязня да сканчэння тэрміну зняволення ў «крытую» турму №4 г. Магілёва.

22 жніўня 2015 года Статкевіч быў датэрмінова вызвалены з месцаў пазбаўлення волі згодна з прынятым Аляксандрам Лукашэнкам рашэннем аб памілаванні шасці палітвязняў (на волю таксама выйшлі Мікалай Дзядок, Юрый Рубцоў, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч).

31 мая 2020 году Міколу Статкевіча затрымалі па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Пазней Марыне Адамовіч паведамілі, што Статкевіч знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, яму прысудзілі 15 сутак. 15 чэрвеня прайшоў яшчэ адзін суд, які дадаў палітыку яшчэ 15 сутак.

На Акрэсціна палітык знаходзіцца дагэтуль.

Крымінальную справу па гэтым жа артыкуле (па ч. 1 арт. 342 КК) завялі на блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў, Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, Уладзіміра Цыгановіча (MozgON), Ігара Лосіка, Зміцера Казлова.

Праваабарончай супольнасцю Мікалай Статкевіч прызнаны палітвязнем.


Усе навіны зьвязаныя з асобай

Іншыя палітычныя вязьні