Марфа Рабкова

Марфа Рабкова – каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны”, праваабаронца. Была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы, інфармуе spring96.org.

Марфе Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў межах крымінальнай справы па ч.3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці).

Марфа (Марыя) Аляксандраўна Рабкова нарадзілася ў студзені 1995 года ў Добрушы. Пасля сканчэння сярэдняй школы паступіла ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт ім. М.Танка. Аднак з-за актыўнага ўдзелу ў студэнцкіх хваляваннях 2016 года была адлічаная з 4 курса па палітычных матывах.

Адукацыю працягнула ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце па спецыяльнасці “Міжнароднае і еўрапейскае права”, дзе навучаецца і цяпер.

Паралельна з вучобай Марфа некалькі год з’яўлялася валанцёркай Праваабарончага цэнтру “Вясна”, а ўвосень 2019 стала сябрам Праваабарончага цэнтра “Вясна” і каардынатаркай Валанцёрскай службы арганізацыі.

Пры яе актыўным удзеле былі арганізаваныя дзясяткі назіранняў за мірнымі сходамі грамадзян, праведзеныя маніторынгі больш за 100 судовых пасяджэнняў па адміністрацыйных справах над затрыманымі ўдзельнікамі мірных акцый, арганізоўваліся трэнінгі для новых валанцёраў.

У 2020 годзе Марфа Рабкова займалася наборам і навучаннем кароткатэрміновых назіральнікаў для кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары”.

З пачаткам масавых рэпрэсій у час выбарчай кампаніі актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі дапамогі рэпрэсаваным актывістам. Пасля трагічных падзей у паслявыбарчы перыяд, Марфа дапамагала арыштаваным актывістам і іх сем’ям, брала ўдзел у дакументаванні сведчанняў ахвяраў катаванняў затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту.

Праваабарончай супольнасцю Марфа Рабкова прызнана палітвязьнем.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні