Ксенія Луцкіна — журналістка. Да жніўня 2020 года Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а затым сышла з пазіцыі карэспандэнта тэлеканала “Беларусь 2” і ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнага савета.
Пазней Ксенія казала аб тым, што разам з іншымі звольніўшыміся журналістамі яны плануюць стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на YouTube. Праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі Прэс-клуба. Першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені.
Ксенію затрымалі 22 снежня на бульвары Мулявіна — недалёка ад ЦУМа, куды яна выйшла за пакупкамі. На працягу чатырох гадзін-прыкладна да 20.30 — дома ў Ксеніі праходзіў ператрус (або агляд). У яе канфіскавалі кампутар, тэлефон, флэшкі і дакументы.
31 снежня стала вядома, што Ксеніі Луцкінай прад’яўленае абвінавачванне па ч. 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу— ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.
Праваабарончай супольнасцю Ксения Луцкіна прызнана палітвязнем.