Дзмітрый Фурманаў

Дзмітрыю Фурманаву 35 гадоў. Быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці.

У Дзмітрыя Фурманава — вышэйшая адукацыя, па спецыяльнасці ён — інжынер-механік. Працяглы час быў вядучым спецыялістам у “Гроднааблаўтатрансе”, неаднойчы узнагароджваўся граматамі і гэдак далей.

Апошнім часам вучыўся на курсах па падрыхтоўцы праграмістаў і англійскай мовы, каб уладкавацца на больш высокааплочваемую працу.

Быў жанаты, але зараз не ў шлюбе.

Храналогія пераследу

Дзмітрыя Фурманава затрымалі падчас збора подпісаў у Гродне 29 мая — схапілі хлопца разам з крэслам з-за стала. У той жа дзень быў затрыманы таксама Сяргей Ціханоўскі і некаторыя іншыя яго паплечнікі.

9 чэрвеня семярым удзельнікам пікета — Сяргею Ціханоўскаму, Дзмітрыю Фурманаву, Вяргілію Ушаку, Аляксандру Арановічу, Васілю Баброўскаму, Арцему Сакаву ды Уладзіміру Навуміку было прад’яўленае абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях. Усе яны застаюцца пад вартай.

Тым часам Аляксандр Фурманаў, бацька затрыманага хлопца, звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі. У лісце ён кажа, што Дзмітрый ніякага закона не парушаў, і патрабаваў выканання законнасці.

Праваабарончай супольнасцю Дзмітрый Фурманаў быў прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info