Дзмітрый Кулакоўскі нарадзіўся 19 лістапада 1983 году.
Дзмітрый Кулакоўскі раней узначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Мінска. Працаваў у міліцыі з 2006 года, мае прафесійныя ўзнагароды і падзякі ад кіраўніцтва. Пасля выбараў ён заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады. У верасні прынялі яго рапарт на звальненне. А неўзабаве абвясцілі падазраваным па справе ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).
У першы раз супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС затрымалі яго недалёка ад дома – за “непадпарадкаванне” ён атрымаў 12 сутак арышту (арт. 23.4 КаАП). У знак пратэсту Дзмітрый праглынуў чатыры металічныя прадметы. Затым на яго склалі новы пратакол, зноў за «непадпарадкаванне», і далі ўжо 15 сутак, паведамляе sping96.org.
Пасля амаль месяца арышту, 4 снежня, Кулакоўскі спрабаваў пакінуць Беларусь, але быў затрыманы на мяжы і дастаўлены ў ізалятар. Пераведзены ў СІЗА Жодзіна ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 369 КК. Яму прад’яўлена абвінавачванне.
Праваабарончай супольнасцю Дзмітрый Кулакоўскі прызнаны палітвязнем.