Алег Волчак

Алег Волчак — правабаронца, кіраўнік арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву”. З 1998 года да цяперашняга часу — сябра Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Нарадзіўся ў Менску 2 жніўня 1967 года. З 1985 по 1988 гг. служыў у памежных войсках на аўгана-таджыкскай мяжы, а таксама непасрэдна ў Аўганістане. Па вяртанні ў Менск скончыў юрыдычны факультэт БДУ і працаваў у пракуратуры Фрунзенскага раёна Менска старэйшым сьледчым (1994 – 1998 гг.). У 1995 г. быў абраны дэпутатам Менскага гарсавету, узначальваў камісію па законнасьці і правапарадку.

У траўні 1998 г. Алег Волчак звольніўся з пракуратуры, паколькі быў нязгодны з выкарыстаннем праваахоўных органаў у перасьледзе апазіцыі. Праз некалькі месяцаў ён стварыў грамадскую арганізацыю “Прававая дапамога насельніцтву”, якая бясплатна кансультавала людзей і прадстаўляла іх інтарэсы ў судах, і стаў кіраваць ёю.
У 1999 г. Алег Волчак узначаліў грамадскую каімісю па высьвятленні абставін зьнікнення былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі. Вынікі расследавання камісія перадала ў пракуратуру. З таго часу А.Волчак з’яўляецца афіцыйнай асобай, якая прадстаўляе інтарэсы сям’і Захаранкі ў Беларусі.

У верасьні 2003 г. “Прававая дапамога насельніцтву” была зачынена ўладамі. Неўзабаве Алег Волчак разам з іншымі юрыстамі арганізавалі дабрачынны фонд «Дабраслаў», які стаў аказваць бясплатна прававую дапамогу малазабясьпечаным людзям. У 2007 г. фонд быў ліквідаваны па рашэнню суда. Праз два гады, у 2009 годзе, юрыстам удалося адрадзіць “Прававую дапамогу насельніцтву”, зарэгістраваўшы яе як Праваабарончы цэнтр ва Украіне, у Кіеве.
З 2005 г. Алег Волчак з’яўляецца адным з заснавальнікаў Руху імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы Айчыны», якое аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў праваахоўных, судовых, мытных і іншых дзяржаўных органаў — прыхільнікаў дэмакратыі. З 2008 г. А.Волчак ўваходзіць у аргкамітэт па стварэнню незалежнага грамадскага аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў — арганізацыі, якая абараняе правы ўдзельнікаў войнаў часоў СССР.

Алег Волчак мае ўзнагароды. Сярод іх — грамата Вярхоўнага Савета СССР “За мужнасьць і доблесьць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Аўганістане” (1988 г.), прэмія “Дзень Абаронцы” Міжнароднай Лігі правоў чалавека за абарону правоў чалавека (1999 г.), прэмія “Кошт храбрасьці” грамадскага аб’яднання “Кураж-прайс” з Германіі (2004 г.). Ганаровы грамадзянін гарадоў Пенсакола (ЗША) и Радэбойль (Германія) — за юрыдычную дапамогу грамадзянам, нягледзячы на ціск з боку ўладаў.

Храналёгія перасьледу

Першая крымінальная справа супраць Алега Волчака была ўзбуджана ў 1999 годзе, пасьля мітынгу “Апошні дзень прэзідэнта Лукашэнкі”, калі выступіў на Кастрычніцкай плошчы разам з Віктарам Ганчаром. Пасьля сканчэння мітынгу было затрымана з прымяненнем сілы каля 15 чалавек, у тым ліку дэпутат Знавец і былы прэм’ер-міністр Чыгір. Пасьля таго, як пры затрыманні сілавыя структуры прымянілі газ, Алега Волчака разам з іншымі затрыманымі адвезьлі ў Маскоўскі РУУС Менска. Затым яго моцна, да страты прытомнасьці, зьбілі. Пасьля зьбіцця доўга не выклікалі “хуткую дапамогу”, і Алегу Волчаку давялося ў паўпрытомным стане праляжаць на падлозе 3 гадзіны пад здзеклівыя каментары так званых супрацоўнікаў сілаў правапарадку. Потым пад канвоем затрыманага звазілі ў бальніцу і назад, памясьціўшы на ноч у клетку-“абязьяннік”. На наступны дзень аказалася заведзенай крымінальная справа, у якой Волчак фігураваў як падазраваны ў зьбіцці міліцыянта. Прад’явіць абвінавачванне яму, хутчэй за ўсё, не пасьпелі дзякуючы тагачаснаму кіраўніку ўрада Сямёну Шарэцкаму, які абвесьціў пра перасьлед А. Волчака як аднаго з сяброў Цэнтрвыбаркаму В. Ганчара. Тым ня менш, некалькі допытаў і вочных ставак усё ж адбылося. Справа была спынена за адсутнасьцю доказаў віны. На памяць пра гэтыя падзеі Алегу Волчаку засталася на ўсё жыццё траўма сьпіны. Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць тых, хто яго збіваў, Волчаку адмовілі. Адмова паўтарылася і праз 4 гады, калі беларуская Фенміда не стала перасьледаваць пазаштатнага аўтара газеты “Советская Белоруссия”, які збіў Алега Волчака, падрэзаўшы яго на машыне і агрэсіўна адрэдагаваўшы на заўвагу.

У 2004 г. Алег Волчак вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ. Ягоныя ўлёткі былі падроблены невядомымі, у выніку чаго Волчака абвінавацілі ў паклёпе на прэзідэнта Лукашэнку. 1 лютага 2005 г. супраць кандыдата, які рэальна мог перамагчы, узбудзілі крымінальную справу па адпаведным артыкуле. Справу хутка спынілі, але права абрацца ў дзяржаўны орган Волчак быў такім чынам пазбаўлены.

У 2006 г. Алега Волчака, разам з кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным, абвінавацілі ў зьбіцці міліцыянта ў цывільным Якімовіча пры ўваходзе ў Нацыянальны прэс-цэнтр у Менску, куды ахова не пускала прайсьці Казуліна. (А.Волчак быў падчас выбараў яго даверанай асобай і кіраўніком юрыдычнай службы). Насамрэч мела месца выкарыстанне слезацечнага газу супраць каманды Казуліна. Удалося затрымаць некалькі “людзей у цывільным”, якія адмаўляліся назваць сябе і хавалі ў кішэнях балончыкі з газам. А.Волчак атрымаў апёк вока, але да адказнасьці ізноў нікога не прыцягнулі. Справу супраць апазіцыянераў распачаў вядомы цяпер пракурор Стук, які працаваў тады ўсяго толькі ў Ленінскім раёне сталіцы.
У 2007 г. пасьля акцыяў супраць адмены льгот “аўганцам” атрымліваў электронныя лісты з пагрозамі фізічнай расправы на Востраве Сьлёз, а пасьля прыезду туды 15 лютага быў ачэплены і адсечаны ад астатніх воінаў-інтэрнацыяналістаў супрацоўнікамі сьпецслужбаў у чорным. Крымінальная справа па заяве Алега Волчака на гэты раз была ўзбуджаная, але злачынцаў не знайшлі.
У 2012 г. адбыў два адміністратыўных арышты ў знакамітай турме ў завулку Акрэсьціна, якая славіцца сваімі кепскімі ўмовамі. Абодва разы абвінавачванні супраць праваабаронцы былі сфабрыкаваны.

Іншыя палітычныя вязьні