Палітвязень Павел Севярынец распавёў у лісце да праваабаронцы Міхаіла Пастухова пра тое, як ідзе следства па яго справе.
“Ніякіх паказанняў я не даю, ніякіх подпісаў не стаўлю”, – кажа Павел Севярынец.
Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 году. Палітыка змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна, цягам лета там у яго абылося некалькі новых судоў, дзе палітыку дадавалі ўсё новыя суткі адміністрацыйнага арышту. Севярынец павінен быў выйсці на волю 21 жніўня, але напярэдадні стала вядома пра завядзенне на яго крымінальнай справы.
Паўлу Севярынцу прад’яўлена абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).
“За 5 месяцаў, пакуль я тут, атрымаў больш тысячу лістоў; – напісаў Павел Севярынец у апошнім лісце да праваабаронцы Міхаіла Пастухова. – “Следства” мае такі выгляд: досыць рэгулярна, раз на тры тыдні мяне водзяць да падпалкоўніка юстыцыі, которы марна прапаноўвае мне распісацца за правядзенне нейкіх “экспертызаў” у дачыненні да іншых людзей.
Ніякіх паказанняў я, натуральна, не даю, ніякіх подпісаў не стаўлю. Тлумачу падпалкоўніку, што Следчы камітэт, паводле закону, павінен расследаваць крымінальныя забойства, перавышэнне паўнамоцтваў, збіццё, незаконныя арышты і затрыманні за апошнія паўгода, а не фабрыкаваць “справы” на невінаватых. Кажу яму пра Бога. Ён адмоўчваецца і выклікае канвой”.
Таксама Павел Севярынец паведаміў, што ў ізалятары ён піша трэцюю кнігу рамана “Беларусалім”, казкі для сына, складае віктарыны, адпісвае лісты і моліцца за Беларусь.
palitviazni.info