Зміцер Дрозд: Усё жыццё ў барацьбе – гэта пра Максіма Вінярскага

Былы палітвязень Зміцер Дрозд вырашыў падтрымаць сёняшняга палітвязня Максіма Вінярскага.

“Максім застаўся верны сабе, – кажа Зміцер Дрозд. – Натуральна, што цяпер, у дні, калі ў Беларусі ўсталявалася самае лютае беззаконне з часоў сталінскага Вялікага тэрору, такая яркая асоба, здольная павесці за сабой беларускі народ, не магла заставацца на волі”.

Максім Вінярскі – актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. З’яўляецца прынцыповым і даўнім праціўнікам існуючага палітычнага рэжыму ў краіне. За сваю дзейнасць неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку дзеючай улады: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску.

22 студзеня 2021 году быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС. Падчас ператрусу ў кватэры затрыманага канфіскавалі камп’ютарную тэхніку, тэлефоны, бчб-сімволіку, налепкі і балоны з аэразольнай фарбай.

Знаходзіцца ў статусе падазраванага па арт. 13 ч. 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (“Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках”).

“З Максам я пазнаёміўся ў самым пачатку выбарчай кампаніі 2010 года, і з тых часоў нас звязвае сяброўства, – выказаўся пра Максіма Вінярскага на сваёй старонцы ў Фэйсбук былы палітвязень Зміцер Дрозд. – Людзі рэдка ў дарослым узросце сыходзяцца блізка, становяцца сябрамі, але наша кампанія пасябравала па-сапраўднаму. Дзесяткі разоў мы сустракаліся не толькі за сталом на агульных святах, але і на розных акцыях, у судах, сустракалі Макса з Акрэсціна.

Зміцер Дрозд распавядае, што Макс прыходзіў яму на дапамогу ў цяжкія дні жыцця.

“У апошнія гады мы крыху разышліся, – працягвае Зміцер. – Я больш часу аддаваў архівам, кнігам, сям’і, адукацыі, а Максім усё сваё жыццё без астатку прысвяціў барацьбе з дыктатурай. Для яго гэта былі не пафасныя словы, а рэальнасць. Пачаўшы гэтую барацьбу яшчэ ў мінулым стагоддзі, у юнацкім узросце, ён паслядоўна прайшоў усе выпрабаванні і застаўся верны сваім ідэям. І гэта не пафас!

Дзесяткі судоў, сотні (!!!) дзён, праведзеных у турме на “сутках”, нярэдка з галадоўкамі. Усё жыццё ў барацьбе – гэта пра Макса. Ён быў у Маскве, калі там ішлі пратэсты, ён быў ва Украіне на Майдане. Адмовіўшыся ад магчымасці з’ехаць з Беларусі, ад магчымасці атрымаць перапыненую ў Беларусі адукацыю, Максім стаў, бадай, самым вядомым грамадзянскім актывістам, які заставаўся ў шэрагах больш за 20 гадоў.

Дзесяткі разоў міліцыянеры вялі за ім сапраўднае паляванне, арыштоўвалі прэвентыўна (напрыклад, перад Плошчай-2010), не выпускалі з турмы па сфабрыкаваных справах, запалохвалі ўзбуджэннем крымінальных спраў…

Але Максім Вінярскі застаўся верны сабе. Натуральна, што цяпер, у дні, калі ў Беларусі ўсталявалася самае лютае беззаконне з часоў сталінскага Вялікага тэрору, такая яркая асоба, здольная павесці за сабой беларускі народ, не магла заставацца на волі. І сёння, калі ідэя барацьбы з дыктатурай запаліла сэрца большасці беларусаў, ніякія арышты ўжо не змогуць змяніць адзіна магчымага ходу гісторыі: мы пераможам!

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Леанід Сьвецік
  • Кацярына Салаўёва
  • Андрэй Рамашэўскі
  • Яраслаў Грышчэня
  • Аляксандар Квяткевіч