Вядомая актывістка Ніна Багінская распавяла сайту palitviazni.info, што перапісавецца з некаторымі палітвязнямі, і зараз атрымала ліст ад анархіста Івана Комара.
“Стараюся падтрымаць хлопца, бо нашы лісты ў няволі – гэта як глыток свабоды”, – кажа Ніна Багінская.
12 лютага 2020 году прадстаўнік анархічнага руху Іван Комар быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за псаванне маёмасці ў грамадскіх месцах (арт. 341 КК), замах на наўмыснае пашкоджанне маёмасці і наўмыснае пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам (ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў (ч. 2 арт. 295-3 КК).
14 лютага Іван Комар быў прызнаны шэрагам праваабарончых арганізацый палітычным зняволеным.
“Нечакана і прыемна было атрымаць ад вас паштоўку, – адказаў Іван актывістцы. – Я вас ведаю! Неаднаразова бачыў на вулічных акцыях, чытаў пра Вас у Інтэрнэце.
Дзякуй за малюнак да 100-годдзя БНР! Прыгожая “Пагоня”, нядрэнны дызайн. Мне ўвогуле падабаецца беларуская культура. Да слова, было б файна, калі б вы даслалі нацыянальныя арнаменты з расшыфроўкай іх значэння. Я шмат планую маляваць, таму хачу іх выкарыстаць. Трэба ж неяк пратрымацца гэтыя 7 гадоў, бо гэта, можна сказаць, амаль уся маладосць”.
Іван Комар кажа, што такі тэрмін атрымаў менавіта за свае погляды, неабыякавасць і актыўнасць і просіць надалей яму пісаць.
“Кожны кавалачак увагі з волі мае для вязня вялікі сэнс, — распавядае палітвязень. – Ён падтрымлівае розум у парадку, які штодзённа атрымлівае гвалт ад знаходжання ў няволі.
Хаця і тут я стараюся як мага больш атрымліваць веды, бо разуменне сутнасці з’яў і працэсаў – гэта для мяне вышэйшая асалода. У турме я чытаю, хаця добрых кніг не вельмі шмат”.
“Іван таксама ў лісце цікавіўся, якая зараз сітуацыя з Курапатамі, бо ён і сам неяк наведваў гэтае месца”, – дадае Ніна Багінская.
“Хутчэй бы ўсё скончылася, – заканчвае ліст Іван Комар. – Кажу сабе “Трымайся!”, пройдзе і гэты этап у жыцці. Шкада толькі, што самую яркую частку жыцця ўжо не вярнуць. Перамены вызваляць палітвязняў? Хацелася б верыць…
Ізноў — дзякуй за ліст і жадаю Вам здароўя, пазітыва і перамог! Калі Бог ёсць, то ён любіць Вас. Веру, што дабро пераможа, і ўсё зменіцца”.
“Стараюся падтрымаць хлопца, бо лісты ў няволі – гэта як глыток свабоды”, – кажа Ніна Багінская.
palitviazni.info