“Сын трымаецца бадзёра…”

Бацька палітвязня Дзмітрыя Фурманава распавёў сайту palitviazni.info пра сустрэчу з сынам у судзе.

“Калі зачытвалі абвінаваўчыя пратаколы на сына, Яўгена Разнічэнку і Дзмітрыя Кнігу, то яны былі напісаны слова ў слова – як пад капірку, – адзначае Аляксандр Васільевіч.

У Гродне 18 студзеня пачаўся суд за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 мая па так званай “справе Ціханоўскага”. На лаве падсудных знаходзяцца трое з дзесяці фігурантаў крымінальных справаў за 29 траўня: Дзмітрый Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга.

Іх усіх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК).

Нагадаем, што Дзмітрый Фурманаў быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці.

Яго затрымалі падчас збора подпісаў у Гродне 29 мая — схапілі хлопца разам з крэслам з-за стала. У той жа дзень быў затрыманы таксама Сяргей Ціханоўскі і некаторыя іншыя яго паплечнікі.

Праваабарончай супольнасцю Дзмітрый Фурманаў быў прызнаны палітвязнем.

На суд хаджу разам з жонкай пастаянна, – кажа Аляксандр Фурманаў, бацька палітвязня. — Ужо добра, што хаця б упершыню за сем месяцаў убачылі сына. Як быццам, нядрэнна выглядае, думалі, што будзе горш. Усміхаўся нам, настрой бадзёры…”

Па словах Аляксандра Фурманава, “гэта не суд, а самае сапраўднае судзілішча”.

“Калі зачытвалі абвінаваўчыя пратаколы на сына, Яўгена Разнічэнку і Дзмітрыя Кнігу, то яны былі напісаны слова ў слова – як пад капірку, – адзначае Аляксандр Васільевіч. – Хаця Дзіму абвінавачваюць зусім па іншым артыкуле. У той сутычцы, калі бралі Сяргея Ціханоўскага, ён наогул не ўдзельнічаў, а спакойна сядзеў за сталом і збіраў подпісы за прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду.

Але ўсё змяшалі ў адно. Як быццам сын з Сяргеем Ціханоўскім праводзілі не збор подпісаў, а арганізавалі мітынг. Калі ў краіне афіцыйна дазволены збор подпісаў – гэта несанкцыянаванае мерапрыемства, то ў мяне няма слоў”.

Аляксандр Фурманаў дадае, што з сынам у судовай зале не ўдалося пагаварыць, бо гэта забаронена:

“Я толькі паспеў у яго запытацца: “Можа табе штосьці патрэбна?” Дзіма адказаў: “У мяне ўсё ёсць”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Красоўскі
  • Аляксандар Казакоў
  • Уладзімер Сяргееў
  • Міхась Крываў
  • Мікола Маркевіч