Марыя Калеснікава застанецца пад вартай

Сёння, 21 студзеня, у Мінскім гарадскім судзе разглядалася скарга абароны Марыі Калеснікавай на пастанову суда Партызанскага раёна г.Мінска аб падаўжэнні тэрміну ўтрымання пад вартай.

“Гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне Партызанскага раённага суда г.Мінска ад 16 студзеня 2021 году, – паведаміла сайту palitviazni.info адвакат Людміла Казак. – Марыя застаецца пад вартай”.

“Мінскі гарадскі суд адмовіў у задавальненні нашай скаргі, – кажа Людміла Казак. – Былі, натуральна, невялікія спадзевы на тое, што яе задаволяць, але гэта, як у тым выразе: надзея памірае апошняй”.

Людміла Казак таксама пракаментавала казусную сітуацыю, што адбылася падчас яе наведвання СІЗА на Валадарскага. 19 студзеня ў кабінет, дзе адвакат чакала Марыю Калеснікаву замест падабароннай прывялі юрыста штаба Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай Максіма Знака.

Калі Людміла Казак сказала канваірам: “Гэта не да мяне”, тыя яе запэўнілі: “Не, гэта да вас”. У выніку Максім праз адваката перадаў прывітанні на волю, а сама гісторыя падняла настрой і Марыі Калеснікавай.

“Я нават перажываю за наступствы для тых курсантаў-канваіраў, якія пераблыталі Максіма Знака і Марыю Калеснікаву, – дадае Людміла Казак. – Гісторыя стала вядомай грамадскасці, таму не выключана, што кагосьці пакараюць. У нас жа інакш не бывае”.

***

Нагадаем, што Марыя Калеснікава ўзначальвала штаб Віктара Бабарыкі, які вылучаўся на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах-2020.

7 верасня Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Мінска. Раніцай 8 верасня з’явілася інфармацыя аб тым, што яе спрабавалі сілком дэпартаваць з Беларусі ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт і зноў была затрыманая.

16 верасня Следчы камітэт Беларусі прад’явіў Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Максім Дашук
  • Андрэй Абозаў
  • Зьміцер Мядзьведзь
  • Аксана Новікава
  • Міхась Крываў