Цэнзура не прапускае на волю лісты Сцяпана Латыпава

Блізкія палітвязня Сцяпана Латыпава распавялі, што з ліставаннем са Сцяпанам – самая сапраўдная бяда.

“За апошні тыдзень ён адправіў 60 лістоў і паштовак, але, на жаль, з іх даходзіць толькі малая частка”, – кажуць знаёмыя вязня.

Сцяпан Латыпаў па прафесіі арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5-га разраду. Прайшоў прафесійную падрыхтоўку і сертыфікацыю ў Вялікабрытаніі, мае сертыфікат IRATA (для выканання работ на вышыні).

Апошнім часам кожны вечар у двары на Смаргоўскім тракце-Чарвякова ў Мінску праходзілі імправізаваныя канцэрты і проста вячоркі жыхароў бліжэйшых дамоў. Там развешвалі бел-чырвона-белыя сцягі, а на трансфарматарнай будцы было намалявана графіці з ды-джэямі, якія на афіцыйным мерапрыемстве ўключылі песню “Перамен”.

“Плошча Пераменаў”, як жыхары празвалі свой двор, праславілася на ўсю краіну перш за ўсё тым, што невядомыя ў масках ледзь не кожны дзень знішчалі графіці, а людзі кожны раз яго аднаўлялі.

15 верасня падчас аднаго з такіх супрацьстаянняў невядомыя ў цывільным і ў масках, якія ў чарговы раз сабраліся знішчыць малюнак, затрымалі мясцовага жыхара Сцяпана Латыпава.

У кватэры Сцяпана ўзламалі дзверы і правялі ператрус, канфіскавалі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад машыны, банкаўскія карты і наяўныя грошы.

Пазней з’явілася інфармацыя аб тым, што Сцяпан Латыпаў затрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

19 верасня ў эфіры некалькіх дзяржаўных тэлеканалаў быў прадэманстраваны сюжэт, дзе сцвярджалася, што Сцяпан Латыпаў падазраецца ў арганізацыі незаконнага каналу пастаўкі ў краіну небяспечных хімікатаў і меў намер выкарыстаць атрутныя рэчыва супраць супрацоўнікаў міліцыі.

“Сцяпан прасіў перадаць, што ў яго ўсё ў парадку, але бяда з перапіскай, – паведамілі сябры Сцяпана. – Вельмі шмат рэжа цэнзура – і ў той і ў іншы бок.

За апошні тыдзень ён адправіў 60 лістоў і паштовак. Але, на жаль, з іх даходзіць толькі малая частка.

І, хутчэй за ўсё, гэта яшчэ адна брыдота з боку турэмшчыкаў. Таму што за столькі часу Сцяпан ўжо ведае, што варта пісаць у лісце, а што – не варта.

Тым не менш, ён вельмі просіць пісаць яму лісты, бо яны вельмі дапамагаюць”.

Нагадваем, што напісаць Сцяпану можна па адрасе:

Латыпаву Сцяпану Сяргеевічу

220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дашкевіч
  • Вінцук Вячорка
  • Сяргей Гумінскі
  • Васіль Старавойтаў
  • Зьміцер Касьпяровіч