“Да канца году будзе вядома, ці працягнуць Марыі Калеснікавай тэрмін утрымання пад вартай…”

Адвакат Людміла Казак нагадала пра тое, што 8 студзеня ў Марыі Калеснікавай заканчваецца чатырохмесячны тэрмін утрымання пад вартай.

“Усе мы, безумоўна, спадзяемся, што Марыя ў хуткім часе апынецца на волі”, – кажа Людміла Казак.

Нагадаем, што Марыя ўзначальвала штаб Віктара Бабарыкі, які вылучаўся на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах-2020.

7 верасня Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Мінска. Раніцай 8 верасня з’явілася інфармацыя аб тым, што яе спрабавалі сілком дэпартаваць з Беларусі ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт і зноў была затрыманая.

16 верасня Следчы камітэт Беларусі прад’явіў Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

“У справе зараз, па вялікім рахунку, нічога асаблівага не адбываецца, – кажа Людміла Казак. – Мы абскарджваем пэўныя прынятыя рашэнні ў дачыненні да Марыі, а таксама перыядычна хадайнічаем аб змяненні меры стрымання, і цяпер рыхтуем чарговае асабістае даручальніцтва.

8 студзеня ў Марыі Калеснікавай заканчваецца чатырохмесячны тэрмін утрымання пад вартай, але, мяркую, ужо да канца гэтага году будзе вядома, ці працягнуць ёй тэрмін знаходжання ў ізалятары далей. Калі так, то пачнем новы цыкл абскарджванняў.

Але мы, безумоўна, спадзяемся, што Марыю выпусцяць на волю. Такая надзея застаецца”.

Са слоў адваката, таксама ёсць праблема з ліставаннем, бо не ўсе лісты прыходзяць у ізалятар і выходзяць з яго.

“Нам афіцыйна адказалі, што на мінулым тыдні Марыя атрымала 14 лістоў, але толькі родныя і блізкія адправілі ў разы больш, – адзначае адвакат. – З адпаведным запытам мы зараз звярнуліся ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Беларусі, бо праблема з перапіскай як была раней, так захоўваецца і да гэтага часу”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Настасься Азарка
  • Зьміцер Паліенка
  • Іван Шыла
  • Мікіта Емельянаў
  • Уладзімер Кудзінаў