Марыя Калеснікава: Факт падаўжэння тэрміну варты мне і Максіму Знаку – чарговая спроба ціску на нас

Марыя Калеснікава, якая ўзначальвала штаб прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, застаецца ў СІЗА да 8 студзеня 2021 года.

“Зразумела, што ніякіх заклікаў, якія б пагражалі нацыянальнай бяспецы мы не рабілі і не збіраліся здзяйсняць”, – паведаміла Марыя Калеснікава.

Як вядома, Марыі Калеснікавай было адмоўлена ў абскарджванні падаўжэння тэрміна ўтрымання пад варце. Меру стрымання не палічылі патрэбным змяніць, таму Марыя застаецца ў СІЗА да 8 студзеня 2021 года.

Абарона будзе абскарджваць гэтае рашэнне суда Партызанскага раёна ў Мінскім гарадскім судзе.

Нагадаем таксама, што толькі 13 лістапада адвакат ўпершыню за тры тыдні змог трапіць да Марыі пасля працяглага карантыну.

Нашы абвінавачванні, мае і Максіма Знака, носяць неканкрэтны характар, – перадала Марыя Калеснікава на волю. – Зразумела, што ніякіх заклікаў, якія б пагражалі нацыянальнай бяспецы, мы не рабілі і не збіраліся здзяйсняць.

Мы ўвесь гэты час, як прадстаўнікі штаба Віктара Бабарыкі, заклікалі ўладу да дыялогу, казалі пра неабходнасць пачуць адзін аднаго і толькі мірным і законным спосабам выказваць сваю нязгоду.

Са слоў Марыі, факт падаўжэння тэрміну варты ёй і Максіму Знаку – гэта чарговая спроба ціску і палітычна матываванае рашэнне.

***

У 2020 годзе Марыя Калеснікава ўзначаліла штаб Віктара Бабарыкі, які вылучаўся на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах-2020.

18 жніўня яна ўвайшла ў асноўны склад «Каардынацыйнага савета па арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу», а 19 жніўня была выбрана ў яго прэзідыум.

7 верасня Марыя Калеснікава была выкрадзена невядомымі ў цэнтры Мінска. Раніцай 8 верасня з’явілася інфармацыя аб тым, што яе спрабавалі сілком дэпартаваць з Беларусі ва Украіну, але яна парвала свой пашпарт і зноў была затрыманая.

Дзяржпагранкамітэт Беларусі заявіў, што члены Каардынацыйнага савета Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў прыкладна ў 4 гадзіны раніцы перасяклі мяжу з Украінай. Паралельна беларускія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Краўцоў і Раднянкоў “гэтай ноччу збеглі за мяжу”, а Калеснікаву затрымалі.

9 верасня бацька Марыі Калеснікавай паведаміў, што яна арыштаваная. Марыя Калеснікава знаходзіцца ў статусе падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь). 12 верасня яе перавязлі з мінскага СІЗА ў ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіна.

16 верасня Следчы камітэт Беларусі прад’явіў Калеснікавай абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК Рэспублікі Беларусь (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, учыненыя з выкарыстаннем СМІ і сеткі інтэрнэт). Артыкул прадугледжвае пакаранне ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Праваабарончай супольнасцю Марыя Калеснікава прызнана палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Дзяніс Дзянісаў
  • Уладзімір Кондрусь