Мікалай Статкевіч: У камерах адключаюць кнопкі тэрміновага выкліку кантралёра

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, распавяла, што ў ізалятары, дзе знаходзіцца яе муж, адбываюцца трывожныя рэчы.

“Калі што здарыцца з Мікалаем, гэта не можа быць выпадковасцю”, — кажа Марына Адамовіч.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая ў Мінску, калі накіроўваўся на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне “кандыдатаў пратэсту”.

На наступны дзень суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падчас адбыцця пакарання яму прызначылі яшчэ адзін 15-сутачны арышт.

8 ліпеня Статкевічу прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.342 КК (“Падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак”).

30 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачата справа па арт.13 і ч.2 арт.293 КК (“Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў”).

Тэрмін утрымання пад вартай падоўжаны Статкевічу да 29 снежня.

“Тут у іх такая “сістэма” – у трох апошніх камерах, дзе я пасядзеў і сяджу, адключалі перад маім туды размяшчэннем кнопкі тэрміновага выкліку кантралера, – паведаміў на волю Мікалай Статкевіч. – Гэтыя кнопкі – для выкліку ў выпадку раптоўнага пагаршэння фізічнага стану ці пагрозы жыццю. Прычым, іх менавіта адключалі, бо адзін раз гэта рабілі нават у маёй прысутнасці”.

“Я размяшчаю гэта, каб ведалі, – адзначае Марына Адамовіч. – Калі што здарыцца, гэта не можа быць выпадковасцю”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Янушэўскі
  • Сяргей Каваленка