Мікалаю Статкевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы

 Пра гэта сайту palitviazni.info паведаміў адвакат палітвязня Уладзімір Сазанчук.

“Такім чынам, тэрмін утрымання пад вартай Мікалая Статкевіча працягнуты да 29 снежня”, – кажа адвакат.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая ў Мінску, калі накіроўваўся на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне “кандыдатаў пратэсту”.

На наступны дзень суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падчас адбыцця пакарання яму прызначылі яшчэ адзін 15-сутачны арышт.

8 ліпеня Статкевічу прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.342 КК (“Падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак”).

30 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачата справа па арт.13 і ч.2 арт.293 КК (“Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў”), а 29 жніўня Статкевічу паведамілі пра падаўжэнне тэрміну зняволення яшчэ на два месяцы.

“Следчая паведаміла мне, што Статкевіч азнаёмлены з тым, што тэрмін яго ўтрымання працягнуты яшчэ на два месяцы, – кажа Уладзімір Сазанчук. – І гэта было даволі прадказальна.

Таксама, мяркуючы па ўсім, на два месяцы працягнуты тэрмін утрымання пад вартай і яшчэ аднаго падабароннага Зміцера Казлова (блогер “Шэры Кот”).

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні