Маці палітвязня Дзмітрыя Фурманава: Сын папрасіў кнігу амерыканца, якога незаконна асудзілі

Вольга Фурманава распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як яе сын трымаецца ў следчым ізалятары, пра што піша, і на што спадзяецца.

— Сын піша, стараецца трымацца аптымістычна, – кажа Вольга Іванаўна. – Кажа, што следчыя дзеянні з яго удзелам не праводзяцца, проста сядзіць – і ўсё.

Напісаў, што ў камеры гуляе ў шахматы, чытае, на лісты адказвае, а таксама займаецца фізкультурай. Мы яму нават кнігу ў СІЗА даслалі амерыканскага аўтара, якія быў незаконна асуджаны па ілжывым абвінавачванні і распрацаваў спецыяльную сістэму фізічных практыкаванняў у няволі. І яшчэ пальчаткі папрасіў, каб адціскацца ад падлогі.

– На здароўе не скардзіцца?

– Раней паведамляў, што абвастрыўся гастрыт, бо змянілася ежа, але зараз здароўе як быццам нармалізавалася. Хаця, безумоўна, стараемся перадаваць такія прадукты, якія Дзіму больш неабходныя – просіць часнык, цыбулю, садавіну. І грошы выслалі, там у гандлёвым шапіку таксама можна нешта набыць.

У гэтым месяцы мы ўжо выбралі норму для перадачы прадуктаў, але гэтым разам яшчэ і валанцёры штосьці перадавалі.

Увогуле, сын у лістах стараецца больш нас падтрымаць, чым нешта прасіць. А нам з бацькам і насамрэч няпроста. Бываюць і слёзы, і істэрыка. Нам вельмі складана без Дзімы.

— Пасля арышта сына вы праводзілі галадоўку ля сталічнага СІЗА на Валадарскага…

— Сама галадоўка для мяне была не праблема, але ўзрост ўсё-такі даў пра сябе ведаць, таму што падняўся ціск, і ўрачы параілі спыніць галадоўку. Затым ледзь прыйшла ў сябе.

Хаця я ведала, што гэтая акцыя пратэсту бессэнсоўная, ніхто на яе не адрэагуе. Толькі што ўзрушыла чалавечая салідарнасць, бо шмат народу падыходзіла, падтрымлівалі з самага ранку і да позняга вечара. Толькі гэтага неяк утрымлівала.

Але гэта ўжо ў мінулым. Сёння кожны дзень жывем надзеяй, што гэты страшны сон хутка закончыцца.

palitviazni.info

***

Дзмітрый Фурманаў быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці.

Яго затрымалі падчас збора подпісаў у Гродне 29 мая — схапілі хлопца разам з крэслам з-за стала. У той жа дзень быў затрыманы таксама Сяргей Ціханоўскі і некаторыя іншыя яго паплечнікі.

9 чэрвеня семярым удзельнікам пікета — Сяргею Ціханоўскаму, Дзмітрыю Фурманаву, Вяргілію Ушаку, Аляксандру Арановічу, Васілю Баброўскаму, Арцему Сакаву ды Уладзіміру Навуміку было прад’яўленае абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях. Усе яны застаюцца пад вартай.

Праваабарончай супольнасцю Дзмітрый Фурманаў быў прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ірына Халіп
  • Юлія Чыгір
  • Міхась Субач
  • Мікіта Сасім
  • Аляксандар Васільеў