Таццяна Шышкавец: Тэрмін знаходжання пад вартай Эдуарду Бабарыку працягнуты да 18 снежня

Таццяна Шышкавец, адвакат Эдуарда Бабарыкі, распавяла сайту palitviazni.info пра апошнюю сустрэчу з палітвязнем у СІЗА КДБ.

“Рашэнне працягнуць тэрмін знаходжання пад вартай у бліжэйшы час мы абскардзім”, – кажа адвакат.

“26 кастрычніка мы бачыліся з Эдуардам у СІЗА, і пакуль асаблівых навін няма, – кажа Таццяна Шышкавец. – Шмат чытае кніг, шмат адказвае на лісты, бо карэспандэнцыя ідзе яму пастаянна. Здароўе, як быццам у норме, на нейкія парушэнні не скардзіцца”.

Са слоў адваката, тэрмін знаходжання пад вартай працягнуты Эдуарду Бабарыку да 18 снежня гэтага году, але гэтае рашэнне абарона ў бліжэйшы час будзе абскарджваць.

***

Эдуард Бабарыка — кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

Акрамя таго, сын Віктара Бабарыкі – бізнесмен. Заснавальнік краудфандынгавай пляцоўкі «Улей» і сузаснавальнік пляцоўкі «MolaMola».

Эдуард Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня разам з бацькам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў.

Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР “праводзіліся вучэнні”. У гэты ж дзень Эдуард Бабарыка быў змешчаны ў СІЗА КДБ.

21 чэрвеня Эдуарду Бабарыка было прад’яўлена абвінавачванне паводле арт. 243 (“Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры”).

Праваабарончай супольнасцю Эдуард Бабарыка прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Яўген Сувораў
  • Аляксей Бондар
  • Яўген Васьковіч
  • Алесь Кіркевіч
  • Іван Шыла