Чаму не праводзяцца следчыя дзеянні з удзелам Мікалая Статкевіча?

Уладзімір Сазанчук, адвакат палітвязня Мікалая Статкевіча, распавёў сайту palitviazni.info пра свайго падабароннага.

“Мікалаю Статкевічу падоўжылі тэрмін зняволення да 29 кастрычніка, але невядома, як далей будуць разгортвацца падзеі”, – кажа адвакат.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая ў Мінску, калі накіроўваўся на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне “кандыдатаў пратэсту”.

На наступны дзень суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падчас адбыцця пакарання яму прызначылі яшчэ адзін 15-сутачны арышт.

8 ліпеня Статкевічу прад’явілі абвінавачанне па ч.1 арт.342 КК (“Падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак”).

30 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачата справа па арт.13 і ч.2 арт.293 КК (“Падрыхтоўка да масавых беспарадкаў”), а 29 жніўня Статкевічу паведамілі пра падаўжэнне тэрміну зняволення яшчэ на два месяцы.

– У некаторых СМІ са спасылкай на мяне напісалі, што не праводзяцца ніякія следчыя дзеянні ў дачыненні да Мікалая Статкевіча, – кажа Уладзімір Сазанчук. – Журналісты няправільна перадалі мае словы. Следчыя дзеянні, можа быць, і ідуць, але без удзелу Статкевіча.

Апошні раз, каля двух месяцаў таму, Мікалаю паведамілі, што тэрмін зняволення падоўжаны на два месяцы, таму 29 кастрычніка гэты тэрмін якраз і заканчваецца. Пабачым, як будзе рагортвацца сітуацыя далей.

— Калі вы былі апошні раз у Мікалая Статкевіча?

— Наведваю яго рэгулярна. Па вялікім рахунку, у Статкевіча ўсё нармальна, але на следчыя дзеянні не запрашаюць ні Мікалая, ні мяне.

Я таксама з’яўляюся адвакатам Дзмітрыя Казлова (блогер “Шэры Кот”). Вось у дачыненні да яго пэўныя следчыя дзеянні былі, але мяне таксама праігнаравалі. Відаць, не могуць мне дараваць, што адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошванні звестак папярэдняга следства.

Хачу адзначыць, што сёння ў Беларусі адвакат ездзіць да свайго кліента не столькі дзеля абароны, а больш для таго, каб перадаць ці атрымаць нейкую інфармацыю.

– Якія навіны ад Мікалая Статкевіча?

– Асабліва нічога новага не адбываецца. Знаходзіцца ў адзіночнай камеры, ходзіць на прагулкі. Па сутнасці, пра ўсе навіны з волі даведваецца ад мяне, бо там інфармацыя толькі ад дзяржаўнай прапаганды.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікола Маркевіч
  • Зьміцер Завадскі