Алена Карагачова: У вызваленне не верылася да апошняга

 Алене Карагачовай, памочніцы экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, зменена мера стрымання.

Яе адвакат Уладзімір Сазанчук патлумачыў сайту palitviazni.info, чаму следчы адмовіў у змяненні меры стрымання Карагачовай, але яна выйшла на волю.

Нагадаем, што Алена Карагачова – сябра ініцыятыўнай групы экс-прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі.

Адпрацавала ў “Белгазпрамбанку” больш за 20 гадоў, апошнія два гады была памочнікам старшыні праўлення банка Віктара Бабарыкі.

Алена Карагачава была затрымана супрацоўнікамі ДФР КДК 1 ліпеня 2010 году. Паводле папярэдняй інфармацыі, абвінавачваецца па ч.2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумы падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры). Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Праваабарончай супольнасцю Алена Карагачова прызнана палітвязнем.

31 жніўня я сустракаўся ў СІЗА КДБ са сваёй падабароннай, і радасных навін для яе не было, – кажа Уладзімір Сазанчук. – Справа ў тым, што раней мне прыслаў даказ кіраўнік следчай групы КДБ, які расследуе “справу Бабарыкі”. Я хадайнічаў, каб Алене Карагачовай была зменена мера стрымання пад вартай, але следчы мне ў гэтым адмовіў.

Я меркаваў, што Алену не адпусцяць на волю, але ёй усё-такі змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыяздзе. Значыць альбо следчы перадумаў, альбо пайшлі з пастановай аб тым, каб працягнуць тэрмін утрымання пад вартай, у Генеральную пракуратуру, а там палічылі, што знаходжанне Алены Карагачовай за кратамі немэтазгодна. Дарэчы, я пісаў хадайніцтва не толькі следчаму, але і скаргу ў Генеральную пракуратуру”.

Са слоў адваката, Алена Карагачова працягвае знаходзіцца ў статусе абвінавачанай і павінна будзе па меры неабходнасці з’яўляцца на допыты да следчага.

Сама Алена Карагачова кажа, што вызваленне было для яе даволі нечаканым.

“Як вядома, 31 жніўня я сустракалася з адвакатам, і аптымізму тая сустрэча не дадала, – кажа Алена. – Не было асаблівай надзеі на вызваленне, у гэта не верылася да апошняга.

Але ўжо на наступны дзень, каля 16.00, мяне выклікалі і паведамілі, што мера стрымання зменена на падпіску аб нявыяздзе. І гэта, безумоўна, парадавала, хаця крымінальная справа ў дачыненні да мяне не спынена”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Зьміцер Хведарук