Вольга Севярынец: Перадачы на Акрэсціна забаранілі перадаваць

Жонка палітыка Паўла Севярынца, які зараз адбывае пакаранне на “сутках”, распавяла, што забаранілі перадачы як быццам “у сувязі з эпідэміялягічнай абстаноўкай”.

“Нельга перадаць вопратку, нармальную ежу і нават туалетную паперу”, – кажа Вольга Севярынец.

Нагадаем, што Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня пасля акцыі ля Камароўскага рынку.

На наступны дзень палітык і былы палітвязень Павел Севярынец быў асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышта.

Акрамя гэтага, у Паўла ёсць яшчэ 30 сутак арышта, якія яму трэба адсядзець, таму агулам атрымліваецца, што за кратамі ён павінен правесці 45 сутак.

“Вырашылі не прымаць перадачы на Акрэсціна “ў сувязі з эпідэміялягічнай абстаноўкай”, – паведаміла Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Да гэтага часу абстаноўка для іх была нармальная, а тут раптоўна змянілася. Дзе ўзяць сілы і цярпенне на гэты здзек?!”

Вольга адзначае, што звычайна ў ізалятары да мужа падсажваюць бамжэй з вошамі, а таму адзіная магчымасць абараніцца ад іх – змяняць вопратку. А зараз і гэта немагчыма.

“Вопратку перадаць нельга, нармальную ежу перадаць нельга, нават, прабачце, нельга перадаць туалетную паперу, — абураецца Вольга Севярынец. – Я ўжо не кажу, што ў тых умовах без кнігі, паперы, газеты проста хочацца застрэліцца.

І так брыдка, што здзек над людзьмі робяць быццам бы клопатам. Гэта ж мы, маўляў, пра вас клапоцімся, каб вы не захварэлі ў ізалятары”.

palitviazni.info

Фота: nn.by

Іншыя палітычныя вязьні

  • Ігар Аліневіч
  • Алесь Пушкін
  • Ігар Корсак
  • Юры Казак
  • Яўген Сакрэт